Вы тут

Дзяржпагранкамітэт распавёў, як беларусам выехаць ва Украіну і вярнуцца дадому

Пункт пропуску на мяжы Беларусі і Украіны / Еўрарадыё

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка загадаў цалкам перакрыць мяжу з Украінай. Карэспандэнт TUT.by патэлефанаваў на прамую лінію Дзяржпагранкамітэта як фізічная асоба і даведаўся, ці будуць змены ў працы пунктаў пропуску.

На прамой лініі ДПК сказалі, што цяпер пункты пропуску працуюць як звычайна.

— Змен у працы пунктаў пропуску няма. Едзьце [ва Украіну], няма ніякіх праблем. Вас жа гэта [закрыццё межаў. — Еўрарадыё] не тычыцца. Тут жа, напэўна, тычыцца пытанняў супрацьпраўнай дзейнасці на дзяржаўнай мяжы. Калі не збіраецеся парушаць, не хвалюйцеся. Па пропуску грамадзян праз дзяржаўную мяжу працуем без зменаў.

Закрыць мяжу Лукашэнка загадаў праз тое, што з тэрыторыі суседняй краіны нібы ідзе "велізарная колькасць зброі". Пры гэтым прадстаўнік ДПК адзначыў, што ахова дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай ажыццяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме з пільным надглядам транспартных сродкаў і багажу.

У сваю чаргу, Украіна ўжо некалькі месяцаў узмацняе кантроль на мяжы з Беларуссю. У пачатку красавіка, напрыклад, былі ўведзены дадатковыя абмежаванні на дзейнасць паблізу мяжы. Сярод прынятых мер — забарона на начное перамяшчэнне транспарту і людзей па дарогах, якіх няма ў рэестры аўтадарог, якія вядуць да пунктаў пропуску на мяжы. Забароненая стаянка транспарту на ўзбочынах дарог паміж лініяй дзяржмяжы і пунктамі пропуску, а таксама пасадка і высадка тут людзей, разгрузка або пагрузка маёмасці. У пагранраёне нельга перавозіць людзей без дакументаў, а таксама выходзіць на ваду на любых плаўсродках.

Але наземны памежны рух паміж Беларуссю і Украінай да гэтага не падпадаў ні пад якія абмежаванні. Праўда, з беларускага боку ён перастаў быць бясплатным. З 1 чэрвеня ўлады Гомельскай вобласці ўвялі мясцовы збор за перасячэнне мяжы. З 1 ліпеня іх прыклад перанялі ўлады Брэсцкай вобласці Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.