Вы тут

Джулі Фішэр сустрэлася з Паўлам Латушкам і актывістамі штабу Віктара Бабарыкі

Джулі Фішэр і Павел Латушка​ / @latushka

Прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр правяла напярэдадні дзве сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Яна сустрэлася з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўлам Латушкам і актывістамі са штаба Віктара Бабарыкі, прадстаўнікамі аргкамітэта партыі "Разам" Іванам Краўцовым, Антонам Раднянковым і Таццянай Хоміч.

На сустрэчах ішла гаворка аб сітуацыі ў Беларусі і магчымых сцэнарах вырашэння палітычнага крызісу.

"Амбасадар Злучаных Штатаў Амерыкі запэўніла, што міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі будзе ўзмацняцца, пакуль у Беларусі будуць працягвацца рэпрэсіі, а дыктатар будзе ў сваіх мэтах гандляваць незалежнасцю і суверэнітэтам краіны", гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным па выніках сустрэчы ў телеграм-канале кіраўніка НАУ.

У штабе Віктара Бабарыка распавялі, што падчас сустрэчы з Джулі Фішэр абмяркоўваліся таксама тэмы будучых перамоваў паміж уладай і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Акрамя таго, бакі размаўлялі пра пераслед Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай, пра ціск на адвакатуру і грамадзянскую супольнасць.

Джулі Фішэр і прадстаўнікі аргкамітэта партыі "Разам" / @viktarbabarykaofficial

Нагадаем, раней Джулі Фішэр казала, што гатовая прыехаць у Мінск і прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, аднак не можа атрымаць візу. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей пазней патлумачыў, у чым праблема.

"Мы хацелі б мець поўную яснасць, у якім статусе спадарыня прызначаны амбасадар мае намер працаваць у Беларусі. Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта", сказаў міністр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.