Джонсан сышоў з пасады прэм'ера Вялікабрытаніі. Дапамогі Украіне стане менш?

Борыс Джонсан / Number 10 flickr
Борыс Джонсан / Number 10 flickr

Усяго толькі месяц назад мы пісалі, што брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан утрымаўся на пасадзе прэм'ер-міністра. А амерыканскае выданне Washington Post тады ж пісала пра "нечаканую групу людзей", якая ў захапленні ад таго, што палітычная кар'ера Джонсана перажыла галасаванне ў парламенце.

Гэтыя людзі — украінцы.

І хуткая пастаўка "джавелінаў" у самым пачатку вайны, і некалькі смелых візітаў у Кіеў — усё гэта зрабіла Джонсана другім па папулярнасці палітыкам Украіны. Больш, чым брытанскага прэм'ера, украінцы любяць хіба што свайго прэзідэнта. Гэта не метафара — гэта рэальныя вынікі апытання, якое праводзілася ў пачатку сакавіка.

У Джонсана была цяжкая ноч, і свет, вядома, сачыў за тым, як яго міністры адмаўляліся ад свайго прэм'ера адзін за адным. Але якім бы цікавым ні было палітычнае жыццё Брытаніі, ва ўкраінцаў, а з імі і ў беларусаў, ёсць і асабісты інтарэс: ці будзе новы прэм'ер гэтаксама падтрымліваць Кіеў у вайне, як гэта рабіў Джонсан?

Расказваем, што пра гэта пішуць вядучыя сусветныя СМІ.

 

Ці ўсе кансерватары рызыкоўныя, як Джонсан?

Па-першае, хоць новыя выбары пройдуць ужо летам, Джонсан працягне выконваць абавязкі прэм'ера да восені.

Джонсон ушёл с поста премьера Великобритании. Помощи Украине станет меньше?
Борыс Джонсан / Number 10 flickr

Па-другое, ён не адзіны кансерватар Брытаніі, які спачувае Украіне. Яшчэ ў чэрвені Washington Post нагадвала, што пакуль некаторыя сусветныя лідары лічылі за лепшае ігнараваць агрэсіўныя паводзіны Расіі на мяжы, брытанскія міністры білі трывогу. Сярод іх — міністр замежных спраў Ліз Трас і міністр абароны Бэн Уоллес.

Гэты факт дае надзею, што і без Борыса на чале ўрада Лондан не кіне Украіну, піша брытанскае выданне The Telegraph.

"Аднак той, хто прыйдзе наступным за спадаром Джонсанам, можа не мець такой схільнасці да рызыкі або гатоўнасці рабіць усё магчымае дзеля Кіева", — робіць выснову выданне.
 

А апазіцыя падтрымлівае Украіну?

Само сабой, не толькі кансерватары падтрымліваюць неабходнасць дапамагаць Украіне, але і апазіцыя. Лідар апазіцыйнай лейбарысцкай партыі Кейр Стармер называў Уладзіміра Пуціна "ваенным злачынцам", а ценявы міністр замежных спраў Дэвід Лэмі заяўляў, што расійскі прэзідэнт "заслужыў абсалютную паразу".

Тым не менш выданне піша, што прыхільнікі пазіцыі "давайце супакоім Пуціна" ёсць у абедзвюх партыях — хоць сярод лейбарыстаў іх больш, чым сярод кансерватараў.

Выданне The Telegraph нагадвае пра магутныя фракцыі ў лейбарысцкім руху, якія стаяць на тым, што менавіта НАТА, а не Расія, нясе адказнасць за вайну. І прычына канфлікту — менавіта імкненне альянсу пашырацца на ўсход, а не жаданне Пуціна захапіць Украіну.

 

І Джонсан уваходзіць у гісторыю

"У Джонсана могуць быць свае хібы, але, прынамсі, у пытанні аб Украіне ён прадэманстраваў якасці сапраўднага дзяржаўнага дзеяча", — піша The Telegraph.

Джонсон ушёл с поста премьера Великобритании. Помощи Украине станет меньше?
Уладзімір Зяленскі / афіцыйны тэлеграм-канал прэзідэнта Украіны

Калі на тое, незадоўга да таго, як міністры Джонсана пачалі пісаць яму лісты з мудрагелістымі выбачэннямі і паведамленнямі пра тое, што адмаўляюць прэм'еру ў падтрымцы, на яго рахунку была чарада перамог.

Напрыклад, на нядаўнім саміце "Вялікай сямёркі". І на саміце НАТА. У абодвух ён адыграў важную ролю — і забяспечыў выступ сусветных лідараў адзіным фронтам у пытанні падтрымкі Украіны. А недастаткова выразныя дзеянні іншых сусветных лідараў толькі ўмацоўвалі аўтарытэт брытанскага прэм'ера на сусветнай арэне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не сумняваецца, што Джонсан увойдзе ў гісторыю.

"Сумнеўна, ці быў бы Зяленскі наогул жывы сёння, калі б не тысячы адзінак супрацьтанкавай зброі, якія Вялікабрытанія паставіла Украіне. Яны сталіся неабходнымі для прадухілення нападу Масквы на Кіеў, які павінен быў прывесці да забойства ўкраінскага лідара і ўсталявання марыянеткавага прарасійскага рэжыму", — рэзюмуюць брытанскія журналісты.

 

І фінансавыя цяжкасці

Журналісты Washington Post адзначаюць, што па меры таго, як будуць расці цэны на энерганосьбіты, падтрымліваць Кіеў на ранейшым узроўні Лондану будзе ўсё складаней.

А тут яшчэ і цяжкасці ў адносінах з ЕС праз "брэксіт", якія так канчаткова і не вырашаныя. Амерыканскія журналісты кажуць, што разлады ўнутры торы могуць прывесці да поўнамаштабнай гандлёвай вайны з ЕС. А гэта падарве намаганні і Лондана, і Бруселя ў спробе даць сумесны рашучы адпор Расіі.

А што думаюць пра адстаўку Джонсана ў Крамлі? Здаецца, там задаволеныя. РИА Новости цытуе прэс-сакратара Пуціна, якому задалі пытанне пра ўрадавы крызіс у Брытаніі.

"Джонсан вельмі нас не любіць, мы яго таксама".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі