Дзень Безбілетніка-2: Людзі сыгралі канцэрт замест БЕЗ БІЛЕТА

Пры гэтым праграма, сюрпрызы, словы са сцэны і пачуцці не паўтараюцца...

Віталь Артыст – лідэр гурта, лічыць, што кожны канцэрт павінен быць індывідуальным. На думку ж Еўрарадыё, зусім ні ўва усіх музыкаў ёсць такі талент, а часам і жаданне рабіць кожны выступ самастойным выбітным шоў. Таму нас прыемна здзівіла, што для "БЕЗ БІЛЕТА" галоўная мэта – не проста адыграць канцэрт, а зрабіць людзей шчаслівымі. Нічога сабе задача, праўда?
Віталь Артыст: "Мы хочам, каб людзі былі шчаслівымі пасля канцэрта. Каб ім хацелася жыць! Каб яны былі поўныя натхнення нешта рабіць, бегчы, рабіць падарункі, геройскія ўчынкі! Калі канцэрт заканчваецца, і на тварах людзей напісана, што жыць крута, жыццё выдатнае, значыцца, канцэрт у нас атрымаўся.”
Тыдзень таму "БЕЗ БІЛЕТА" натхнілі на танцы ўсю канцэртную залу “Мінск”, а задача гэта не простая. Канцэрт у клубе, здавалася б, сам сабой вырашае нават танцавальную праблему, бо тут і так усе тусуюцца. Здавалася б, спявай сабе на сцэне, і ўсё. Дык не, музыкі паставілі перад сабой яшчэ больш складаную задачу.

Віталь Артыст:“Калі мы сёння прыйшлі ў клуб, мы захацелі, каб акрамя таго, што ўсё будзе хадзіць хадуном, як гэта звычайна адбываецца ў клубе, з’явілася нейкая глыбіня. Каб усё не звялося да простага клубнага угару”.
Сапраўды, увесь канцэрт быў пабудаваны на такіх з’явах, як прыгажосць, эстэтыка, ўзаемаразуменне. Калі зала падымала рукі, Віталь звяртаў увагу людзей на тое, як магічна гэта выглядае. Ніводнай песні зала не стаяла незадзейнічанай. Людзі то рабілі хвалю, то насілі на руках клавішніка, то ўяўлялі мора. І ўсе гэта стварала яскравае адчуванне, што гурт і публіка ёсць адзінае цэлае. 
Віталь Артыст: "Ты бачыла, як мы ўсе селі і як мора шумелі, калі была песня "Афрыка"? Па-мойму, файна атрымалася!"
Тым, хто патрапіў на другі "Дзень Безбілетніка" пашанцавала ўбачыць новы кліп "По верту", які ўсе астатнія жыхары планеты ўбачаць толькі ў студзені 2011 года. Працу прэзентавала сама рэжысёрка кліпа Таня Кушнер.
Таня Кушнер:“Прывітанне! Усіх з "Днём Безбілетніка"! Файны дзень сёння. У нас нарэшце гатовы кліп. Мы доўга-доўга яго для вас рыхтавалі. Не ўсё адразу атрымлівалася. Мы спадзяемся, што вам спадабаецца гэты кліп і вы атрымаеце ад яго нешта класнае, як і мы.”
Яшчэ адным сюрпрызам гэтай суботы стаў дуэт лідэра гурта "БЕЗ БІЛЕТА" Віталя Артыста і сябра пластычнага тэатра «ІнЖэст» Мацвея Сабурава.
Усё гэта прывяло "БЕЗ БІЛЕТА" да пастаўленай мэты: людзі пасля канцэрта свяціліся шчасцем.
“Мне вельмі спадабалася! Усе песні былі  для мяне, як навінка.”
“Проста супер! Абалдзенны канцэрт! Прыйдзем яшчэ абавязкова. На ўсе канцэрты хадзіць будзем!”
“Афігенна!!! Артысты, песні, атмасфера – усё крута!”
І за кулісамі музыкаў перапаўнялі такія ж пачуцці.
Віталь Артыст: "Гэта было неверагодна! Мы надзвычай удзячныя людзям, што прыйшлі на гэты канцэрт, і фактычна сыгралі яго за нас. У кожнага, хто прыйшоў, гэтая музыка лілася знутры. Нам настолькі лёгка было граць. Мы проста плавалі ў гэтай энэргіі. То бок, сёння галоўныя героі – гэта  людзі.”

Фота: Таранціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі