Дыслексія — "праблема троечніка"

Улада — дыслексік і "троечніца" ў школе. Але гэта не перашкаджае ёй ствараць фантастычныя лялькі і вучыцца на мадэльера / фота Аляксандра Васюковіча / Еўрарадыё
Улада — дыслексік і "троечніца" ў школе. Але гэта не перашкаджае ёй ствараць фантастычныя лялькі і вучыцца на мадэльера / фота Аляксандра Васюковіча / Еўрарадыё

"Смотрит в книгу — видит фигу", "няўседлівы", "няўважлівы", "тупы" — гэта толькі некаторыя словы, якімі "ўзнагароджваюць" навакольныя чалавека з дыслексіяй з самага дзяцінства. Дыслексія — асаблівасць работы мозга, якая часцей за ўсё праяўляецца ў цяжкасцях пры чытанні і пісьме. Дыслексікам даводзіцца цяжка, асабліва ў краінах, дзе навакольныя часам і слова такога не ведаюць. Журналісты незалежных медыя Беларусі, Азербайджана і Казахстана аб'ядналі намаганні, каб паглядзець як уладкавана жыццё людзей з дыслексіяй і чым ім можна дапамагчы.

Але я ж стараюся!

Дыслексік прывык быць вінаватым. А што яшчэ можна адчуваць, калі самы блізкі чалавек, які вымушаны рабіць з дзіцем урокі пасля вяртання з працы, у роспачы ўскідвае рукі і стогне: "Ну пяты раз чытаем адзін і той самы сказ! І адны і тыя самыя памылкі!" Дыслексік, асабліва той, хто не ведае пра свой дыягназ, не можа прызнацца ў тым, што яму складана. Усе астатнія ж нармальна чытаюць! Чытаць ён у рэшце рэшт навучыцца, але будзе гэта рабіць крыху павольней, чым тыя самыя "астатнія", а можа быць, назаўжды страціць цікавасць да чытання.

Часты спадарожнік дыслексіі — невялікая раскаардынацыя рухаў (падрабязней пра гэта чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё). Гэта значыць, што для такіх дзяцей на ўроку фізкультуры практыкаванне са скакалкамі ператвараецца ў кашмар. Ногі і рукі не могуць дзейнічаць сінхронна, колькі ні спрабуй. Або гульня ў баскетбол становіцца выпрабаваннем — дакладнасць перадачы або разлік вугла кідка — заданне для дыслексіка цяжкавыканальнае, асабліва на высокай хуткасці, якой патрабуе гульня. Так дзеці з дыслексіяй часта выключаюцца з камандных гульняў.

 

 

У век інфармацыйных тэхналогій, калі важным фактарам ёсць дакладнасць прыёму і перадачы інфармацыі, памылка або памылка друку каштуюць дорага. Супрацоўніку, пра якога вядома, што ён гарантавана можа памыліцца ці не паспець, кіраўніцтва імкнецца не даручаць адказных заданняў. А лепш наогул не браць такіх у кампанію. Так адбываецца выключэнне з працоўнага калектыву. Таму дыслексікі імкнуцца лішні раз не згадваць пра свой дыягназ і хаваць яго пры ўладкаванні на працу. І кожны раз прасіць прабачэння за памылку, памылку пры чытанні або памылку друку. Прасіць прабачэння, прасіць і прасіць.

Але бываюць і хвіліны трыумфу. Калі чалавек трымае ў руках дыплом аб вышэйшай адукацыі, або абароненую дысертацыю, або кнігу, якая выйшла з друкарні, у галаве ў яго загараецца лямпачка "Я даказаў! Я не дурань! Я змог!". Дыслексікі кожны дзень жывуць у рэжыме гэтага даказвання. 

Троечнікі

Ва ўсім свеце адукацыйны працэс будуецца вакол паказчыкаў паспяховасці. Напрыклад, пры планаванні адукацыйнай праграмы выкладчыку неабходна арыентавацца на сярэднюю хуткасць засваення матэрыялу дзецьмі або студэнтамі для таго, каб планаваць неабходную колькасць урокаў і атэстацыю. Адсюль узнікла ідэя нарматываў хуткасці чытання. Менавіта здача гэтых нарматываў становіцца для многіх настаўнікаў і бацькоў пунктам уваходу ў праблематыку дыслексіі. Калі высвятляецца, што вучань ніяк не можа выканаць нарматыў, робіць адны і тыя ж памылкі пры чытанні, пачынае нервавацца і тым самым пагаршае паказчыкі. Настаўнікі пачынаюць біць трывогу — адстаючы ў класе! Бацькі ўкладваюць яшчэ больш намаганняў у падрыхтоўку хатніх заданняў і, як правіла, марна.

Замест таго каб звярнуцца па кансультацыю да спецыяліста, дарослыя часцяком абмяжоўваюцца каштоўнымі парадамі. Самая папулярная гучыць так: "Хай дзіця пабольш чытае — тады і хуткасць чытання падвысіцца і зрокавая памяць падключыцца, будзе запамінаць, як пішуцца словы". Ці трэба казаць, што гэта парада ў выпадку з дыслексікамі зусім не спрацоўвае.

Аснова міжнародных рэкамендацый пра тое, як працаваць і як ацэньваць дыслексікаў, — дакумент, распрацаваны Брытанскай асацыяцыяй дыслексіі (падрабязней пра гэта чытайце ў матэрыяле Vласти). Для таго каб наблізіць працэс навучання дыслексіка да стандартаў адукацыі, такім дзецям трэба не так ужо шмат: даваць крыху больш часу на выкананне заданняў, па магчымасці замяніць пісьмовыя кантрольныя вуснай формай справаздачнасці, пры раздачы навучальнага матэрыялу рабіць шрыфт крыху большым. Гэта не вельмі складаныя рэкамендацыі, але без спецыяльнай графы "гандыкап" у выкладчыцкай справаздачнасці гэтую форму інклюзіі ўкараніць у школы вельмі цяжка. Адбываецца гэта часткова таму, што нават калі з такім дзіцем зусім не займацца, яно будзе паспяваць па многіх прадметах на нармальныя адзнакі, хутчэй за ўсё на "тройкі": дыслексія не азначае зніжэння інтэлекту, і праблемы ў навучанні з часам так ці інакш кампенсуюцца. Хочаце знайсці ў класе дыслексіка — шукайце яго сярод троечнікаў.

Пра іх ніхто не ведае

Нягледзячы на тое, што дыслексія — не такая ўжо рэдкая генетычная асаблівасць (па звестках Брытанскай асацыяцыі дыслексіі, яна праяўляецца прыкладна ў дзесяці працэнтах папуляцыі), пытанне пра інклюзію такіх дзяцей у сістэму адукацыі ў многіх краінах нават не падымаецца. Напрыклад, у Азербайджане грамадства проста не інфармаванае пра праблемы дыслексіі. Простае апытанне на вуліцах Баку паказвае, што людзі ні з чым не могуць праасацыяваць слова "дыслексія" (больш падрабязна пра гэта чытайце ў матэрыяле Мэйдан ТБ).

Тэма дыслексікаў і іх патрэб з цяжкасцю знаходзіць разуменне ў педагагічных супольнасцях такіх краін, як Азербайджан, Казахстан, Беларусь. Цяжар інфармавання пра праблему ў гэтых краінах кладзецца ў асноўным на плечы бацькоў дзяцей-дыслексікаў, бацькоўскіх аб'яднанняў і спецыялістаў. Прыватныя заняткі з дэфектолагамі і лагапедамі, якія валодаюць методыкай работы з такімі дзецьмі, каштуюць нятанна, і не ўсе бацькі могуць гэта сабе дазволіць.

У Брытаніі, Германіі, Швецыі, Чэхіі і шэрагу іншых краін існуе дзяржаўная сістэма па выяўленні і падтрымцы дзяцей з дыслексіяй. Як правіла, яна ўбудаваная ў работу сеткі педагагічна-псіхалагічных кансультацый і складаецца з тэставання ў дашкольным і раннім школьным узросце. Гадзіны работы дзіцяці са спецыялістам і кансультацыі для бацькоў аплачвае дзяржава, а пасля паведамлення навучальнай установе пра праблемы дзіцяці школа абавязана змяніць набор патрабаванняў да атэстацыі такога вучня.

Але для таго каб укараніць такія сістэмы інклюзіі, трэба хоць бы ведаць пра тое, што такое дыслексія. А пакуль тысячы людзей ва Усходняй Еўропе, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі жывуць цэлае жыццё і ўпэўненыя, што яны непаўнавартасныя, проста таму, што яны не ведаюць, што ў іх дыслексія.

Маша Калеснікава, Аляксандр Васюковіч, Юна Карасцелева, Жэня Снежкіна пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі