Два гады таму ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары і пачаліся масавыя пратэсты

Два гады таму ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары і пачаліся масавыя пратэсты

Два гады таму ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары і пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі іх вынікаў. Вечарам 9 жніўня 2020-га тагачасная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына аператыўна заявіла, што Аляксандр Лукашэнка набраў... 80,1%, а Святлана Ціханоўская — 10,1%. У такія лічбы не паверыла значная частка беларусаў. Абураныя людзі выйшлі на пратэст і ў сталіцы, і ў рэгіёнах. На іх улады кінулі ўсе наяўныя сілы, нават вайсковы спецназ. Ужываліся святлошумавыя гранаты, гумавыя кулі, вадамёты, іншая спецтэхніка.

10 жніўня 2020-га ў Мінску быў забіты пратэстовец Аляксандр Тарайкоўскі. Тысячы і тысячы затрыманых прайшлі праз Акрэсціна. Фота і відэа збітых людзей шакавала грамадства і выклікала новую хвалю пратэсту — яшчэ і супраць гвалту сілавікоў. Пачаліся страйкі на прадпрыемствах, на якіх працоўныя дэманстравалі, што абсалютная большасць на выбарах галасавала за Ціханоўскую.

Мірныя пратэсты працягваліся да канца восені 2020 года, калі былі задушаныя жорсткімі рэпрэсіямі (яны не спыняюцца дагэтуль). За некалькі месяцаў у нашай краіне затрымлівалі больш за 30 тысяч чалавек. Сотні тысяч беларусаў выехалі за мяжу. У РБ налічваецца больш за 1200 палітвязняў, прызнаных праваабаронцамі. Ёсць яшчэ значная колькасць рэпрэсаваных, якія пакуль не атрымалі такі статус.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі апынуўся пад санкцыямі Захаду, які не прызнае афіцыйных вынікаў выбараў 2020 года. Жаданне ўтрымаць уладу любым коштам прывяло да яшчэ большай залежнасці ад Расіі, да саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны ў 2022-м.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі