Домрачава заняла 3-е месца ў спрынце, Мякярайнен — першая (відэа)

У пятніцу, 20 сакавіка, у рамках заключнага этапу Кубка свету па біятлоне ў расійскім Ханты-Мансійску прайшла жаночая спрынтарская гонка на 7,5 км. Галоўнай інтрыгай было саперніцтва беларускі Дар'і Домрачавай і фінкі Кайсы Мякярайнен, якія змагаюцца за Вялікі Крышталёвы глобус. Перад Ханты-Мансійскам Домрачава апярэджвала Мякярайнен на 21 ачко.

На жаль, на кожным з двух агнявых рубяжоў Дар'я Домрачава зрабіла па адным промаху. Таму, нягледзячы на добрую хуткасць на трасе, яна не змагла прэтэндаваць на першае месца. Кайса Мякярайнен прамахнулася толькі аднойчы. У выніку, фінка абагнала беларуску на 15,5 секунды. Немка Лаура Дальмаер (у яе быў адзін промах) абагнала Дар'ю Домрачаву крыху больш за секунду.

У выніку, Мякярайнен адыграла ў агульным заліку Кубка свету ў Домрачавай 12 ачкоў. Цяпер беларуска апярэджвае фінку толькі на 9 ачкоў (з улікам двух горшых гонак — на 16).

Надзея Скардзіна ў спрынце была 15-й, на агнявых рубяжах у яе былі два промахі. Столькі ж промахаў было і ў Надзеі Пісаравай — 18-е месца, Анастасія Дубарэзава і Ірына Крыўко паказалі абсалютна аднолькавы вынік на фінішы і занялі 34-е месца. У Анастасіі тры промахі, у Ірыны — два.

Агулам у спрынтарскай гонцы паўдзельнічала 71 спартсменка.

Расклад этапа Кубка свету па біятлоне ў расійскім Ханты-Мансійску  

У суботу, 21 сакавіка, у Ханты-Мансійску пройдзе жаночая гонка пераследавання на 10 км. Жывая трансляцыя — "Беларусь 2", 15.55. У нядзелю, 22 сакавіка, пройдзе жаночы масавы старт (12,5 км). Жывая трансляцыя — "Беларусь 2", 14.10.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі