Доктарка з Марыупаля пра працу падчас вайны, смерць і моцных людзей

Марыупаль
Марыупаль

За 33 дні вайны на месцы ўкраінскага Марыупаля засталіся адны руіны. Як расказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, там пашкоджана 90% будынкаў. Але яшчэ горш тое, што давялося перажыць (а многія перажываюць акурат цяпер) мясцовым жыхарам. Голад, холад, бясконцыя абстрэлы, боль, страх і смерць. Жыхарка Марыупаля, якая змагла выбрацца з пекла 11 дзён таму, расказала ў сваім твітары пра тое, як у яе дом прыйшла вайна і як ёй удалося выжыць. Еўрарадыё публікуе вытрымкі.

Я доктар-неанатолаг — выходжваю малянят, якія нарадзіліся заўчасна. Мы іх называем "раннія птушачкі". Працавала ў перынатальным цэнтры на ўскраіне горада [мясцовыя гэты раён называюць Пентагон. — Еўрарадыё].

25 лютага я дзяжурыла з загадчыцай. Сувязі з ёй да гэтага часу няма. У Пентагоне ўжо не было святла, цягнулі на генератары. Сувязь яшчэ была. Мы эвакуявалі людзей. Хто лягчэйшы, выпісвалі дадому, сярэдні цяжар і цяжкіх пераводзілі ў трэцюю лякарню ў цэнтр. Крайне цяжкіх — у нас было двое дзяцей на ШВЛ, перавялі ў рэанімацыю той жа лякарні. Нам далі палату і апараты, толькі патрэбен быў свой пост — лекар і медсястра.

Не хачу ў храналогіі выпусціць Веранічку, маю медсястру і студэнтку. Мы з ёй былі на дзяжурстве 22 лютага. Яна не знаходзіла сабе месца. Здаецца, яна адчувала, што вайна забярэ ў яе ўсю сям'ю. Яе родны брат, братава жонка з маці і бабуляй, іх дачка Варвара, якую зусім нядаўна мы з Веранікай прымалі, загінулі.

26 лютага ўвечары мне патэлефанавала Каця, мая медсястра, папрасілася з сям'ёй пераначаваць. Мы жылі ў цэнтры, там было яшчэ бяспечна. Адусюль былі чуваць гукі вайны, але прылётаў да нас яшчэ не было. Яны з Курчатава. Далей мы так і былі дзвюма сем'ямі. Каця прыехала з мужам, дачкой Наташай і цэлым заапаркам. Сем нованароджаных шчанюкоў-лабрадораў, іх мама і марская свінка.

6 сакавіка мне трэба было ісці на працу ў лякарню. У цэнтры ўжо на ўсю моц стралялі "Грады" і мінамёты. Бегчы недалёка, але муж не хацеў адпускаць. Потым здаўся. Перабежкамі я дайшла. Там Юля [калега. — Еўрарадыё]. Яе ўжо трое сутак ніхто не мяняў. Яна не паверыла сваім вачам, што я прыйшла.

Мы заўсёды любілі працаваць у змене з Юляй. Ставілі венфлоны, пераінтубіравалі, навялі парадак — і здавалася, што гэтае пекла застыла ў нашай палаце. Сёння я даведалася, што абедзве гэтыя дзяўчынкі [з рэанімацыі. — Еўрарадыё] памерлі.

Врач из Мариуполя про работу во время войны, смерть и сильных людей
Фота з твітара

Выйшаўшы з палаты, зразумелі, што пекла нікуды не сышло. У лякарню прывозілі ўсіх. За гэтыя суткі чалавек 20. У імправізаванай сталовай непітушчы анестэзіёлаг моўчкі выпіў 50 грамаў. "Прывезлі з-пад завалаў... Дзіцё, я ёй амбушкай [мяшок Амбу — ручная прылада для часовай штучнай вентыляцыі лёгкіх. — Еўрарадыё] ўдых, а там пыл".

Хірург, прабягаючы па калідоры, крыкнуў: "Дзе мае студэнты? Там ампутацыя нагі ў жанчыны, клічце, дзе яшчэ ўбачаць". Спадзяюся нідзе і ніколі.

Пра медсястру з аперацыйнай мне расказалі. Яна сядзела сярод ампутаваных ног і рук, раскладзеных па пакетах. Здавалася, што яна п'яная. Але яе псіхіка проста не вытрымала.

Лекары хадзілі чорныя. Яны жылі ў лякарні са сваімі сем'ямі. Сярод іх "дзіцё палка". Гэтага хлопчыка прывезлі з вуліцы. Дарагая каляска, новыя і чыстыя рэчы, у якіх запіска: "Выратуйце майго сына!" Хлопчыку каля года. Што здарылася, напэўна, мы так і не даведаемся.

Увечары па аддзяленні хадзіў загадчык анестэзіялогіі і клікаў на боршч, які прынесла яго жонка. Я не ведаю, як яна яго зварыла і з чаго, але гэта быў подзвіг. Вельмі смачны!

Мужчыны ў пальчатках перыядычна хадзілі грузіць трупы ў падвал. Я не спускалася. Мне здавалася, што потым у нармальнае жыццё мне ўжо не вярнуцца.

7 сакавіка нас ніхто не змяніў. Мы дзяжурылі. Дзень быў такі самы: прывозілі, аперавалі, зносілі... Ноччу мы з Юляй ляглі на ложак і балбаталі пра тое, як будзем далей жыць. На фоне ўсё грымела.

Адключылі газ — апошнюю даброту цывілізацыі. Таму абед нам з Юляй сваім давялося гатаваць на вогнішчы. Мой пад'езд проста неймаверна арганізаваўся. У кагосьці яшчэ было мяса! Накарміўшы сваіх, я пабегла назад на працу.

Врач из Мариуполя про работу во время войны, смерть и сильных людей
Фота з твітара гераіні публікацыі

8 сакавіка мы вельмі чакалі, што нас зменяць, бо павінна была прыйсці наша загадчыца. Яна і ў мірным жыцці герой! Самаадданая, смелая, гатовая ў любы час сутак бегчы на дапамогу дзецям. Ішла дзясятая гадзіна, мы з Юляй настроіліся на новую змену, але ўвайшла яна, абняла нас па-мацярынску. Я веру, што вы жывыя і я яшчэ вас убачу.

Мы яшчэ гадзіну сядзелі за сталом і расказвалі пра ўсё, што ўбачылі ў сценах лякарні. Яна прынесла крыху каньяку і арэшкаў, наліла нам па 50 грамаў. Потым пайшла займацца сваёй улюбёнай справай.

Выйшаўшы з лякарні, мы з Юляй абняліся. Яна з'язджала з мужам нашай калегі ў пасёлак Маракоў. З таго моманту яна знікла. Яе доўга шукалі. На шчасце, знайшлі.

Сакавік не радаваў надвор'ем, дзеці мерзлі. Нашы мужчыны правялі дзень у пошуках ежы, дзесьці "адхапілі" бульбу, пяць кавалкаў сыру, яблыкі і мандарыны.

Ноччу абстрэлы станавіліся ўсё гучнейшымі і часцейшымі. З 9 сакавіка цэнтр горада сталі бамбіць авіяцыяй. Думаю, кадры радзільні ўсё бачылі. Гэта і ёсць трэцяя лякарня. Мой дом праз дарогу.

Выбухная хваля прымусіла нас спусціцца ў сховішча. Яно каля Дома сувязі. Нас там было каля 290 чалавек. Вось гэтае жыццё цяжка будзе выкрасліць з памяці. 

 

Самы цяжкі час — гэта раніца. Першае — пакарміць дзяцей. Днямі быў снег, і дажджавой вадой мы мылі посуд. Мужчыны злівалі бойлеры, батарэі. Здабыць ваду стала галоўнай мэтай дня. Муж выходзіў пад сховішча гатаваць на вогнішчы, мне не даваў. Бамбілі кожныя 15 хвілін.

Каля суседняга сховішча снарад трапіў у хлопцаў — аднаго забіла. 36 гадоў, здаецца, было. Аднаго параніла, ён пазней памёр. Быў яшчэ адзін паранены, не ведаю, ці выжыў.

У прыбіральню хадзілі на вядро. Ох ужо гэтае вядро... Ты ведаеш, што трэба вынесці яго на вуліцу, дзе з неба пастаянна падаюць бомбы. Ногі ватовыя, яны не ідуць.

Сталі хварэць дзеці. Мяне часта клікалі, казалі, ваніты, тэмпература, не п'е. Балазе ў мяне былі растворы, антыбіётыкі і нават пару пальчатак і венфлонаў. Усіх вылечылі. А я знайшла свой фронт.

Увечары я гуляла са шчанюкамі. Мне здавалася, што гэта адзінае, што звязвае мяне з мірным жыццём. Мне здаецца, мы так і застанёмся для ўсяго бункера "сям'ёй з лабрадорамі".

Першы тыдзень мы ўсе камплексавалі праз нямытую галаву. Праз тры тыдні мне ўжо было ўсё роўна. Я хацела, каб гэтае пекла скончылася, і ўсё.

Дакладны лік не памятаю, да нас прыехала жанчына. Пад абвалам загінула яе сямігадовая дачка.

15 сакавіка ў дзяўчыны Крысціны з нашага бункера быў дзень нараджэння. Ёй падарылі ваду, пяць літраў. Яна плакала.

У тры гадзіны ночы ў дзевяціпавярховік, пад якім было наша сховішча, прыляцела і пачаўся пажар. Ратуючыся, мы выбеглі на вуліцу. Там было пекла. За дзень прайшла пагалоска, што людзі прарываюцца праз Мялекіна. Вырашылі спрабаваць. Я абняла дачку з думкай: калі снарад, памром разам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі