Даследаванне: незалежнасць — безумоўная каштоўнасць для 25-28% беларусаў

Даследаванне: незалежнасць — безумоўная каштоўнасць для 25-28% беларусаў

Незалежнасць Беларусі з'яўляецца безумоўнай каштоўнасцю для 25—28% насельніцтва. А вось для 12—19% жыхароў краіны суверэнітэт не мае вялікага значэння. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, якім кіравалі доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч і доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі. Вынікі даследавання публікуе "Наша Ніва". 

На пытанне ці гатовыя вы "захаваць суверэнітэт Беларусі нават цаной зніжэння ўзроўню жыцця грамадзян", станоўча адказала толькі 24,9% рэспандэнтаў. Пры гэтым за захаванне ўзроўню жыцця грамадзян нават цаной частковай адмовы ад суверэнітэту выказаліся 51,6% рэспандэнтаў. А каля 23% удзельнікаў апытання не змаглі ці адмовіліся адказваць на гэта пытанне.  

Сярод прыярытэтаў знешняй палітыкі (можна было выбраць два адказы) большасць аддала перавагу "экспарту і пошуку рынкаў збыту для беларускіх тавараў" (36%), "зніжэнню магчымасці войнаў і ўзброеных канфліктаў" (32,1%), "прыцягненню замежных інвестыцый і тэхналогій" (29,9%). Толькі на чацвёртым месцы ідзе "захаванне суверэнітэту і незалежнасці" (28,9%).

Пры гэтым 50,8% удзельнікаў адказалі "так" і "хутчэй так" на пытанне, ці існуе пагроза для захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі з боку іншых дзяржаў. Большасць з іх гаворыць пра пагрозу эканамічным інтарэсам (65%) і пагрозу ад пашырэння міжнароднай злачыннасці, гандлю наркотыкамі і іншых неваенных пагроз бяспецы (58,8%). Вонкавую пагрозу захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры заўважаюць 30,9% рэспандэнтаў.

Аднак на пытанне "Ці апраўдана ахвяраваць часткаю суверэнітэту ўзамен на кароткатэрміновыя выгоды?" адназначна адмоўна адказалі 50,5% рэспандэнтаў. Яшчэ 22,4% далі адказ "хутчэй не". "Так" і "хутчэй так" кажуць толькі 18,9%.

Доўгатэрміновыя выгады ўзамен на частку суверэнітэту падзялілі рэспандэнтаў амаль напалам. "Не" і "хутчэй не" адказалі 42,2%. "Так" і "хутчэй так" — 45,2%. 

Яшчэ адна частка апытання закранала адносіны з Расіяй. На пытанне "Што Беларусь павінна рабіць, калі яе інтарэсы супярэчаць інтарэсам Расіі?" 27,9% апытаных адказалі: "Адстойваць выключна ўласныя інтарэсы". Аднак больш за палову (51,6%) лічаць, што варта "шукаць кампраміс па другасных пытаннях, але адстойваць выключна свае інтарэсы па ўсіх ключавых пытаннях".

Кожны дзясяты (10,4%) мяркуе, што варта "шукаць кампраміс, ахвяруючы часткаю інтарэсаў па другасных і ключавых пытаннях". А цалкам улічваць інтарэсы Расіі пагадзіліся толькі 1,9%. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі