Ціханоўская выказалася пра атрыманы ўльтыматум

Святлана Ціханоўская ў стрыме Еўрарадыё пракаментавала атрыманы на канферэнцыі з Вільні фактычна ўльтыматум. Памочнік камандзіра палка "Пагоня" Вадзім Пракоп'еў гаварыў пра тое, што дэмакратычныя сілы мусіць узначальваць чалавек, які пойдзе на стварэнне ўраду і сілавога блоку, возьме на сябе адпаведную адказнасць. Ціханоўскай ён прапанаваў ужо заўтра прынесці сімвалічную прысягу на Канстытуцыі. Інакш яна мусіць перадаць большасць паўнамоцтваў іншаму чалавеку, прызначанаму прэм'еру.

Ціханоўская: "Можа гэта будзе не апошняя ўмова, якія мне будуць ставіць... Канешне, гэта трэба ўсё ўлічваць і мы правядзем сёння ўначы нейкую працу, мы разгледзім больш дэталёва, што было прапанавана. Але ж у выглядзе ўльтыматумаў гэта не працуе...

Калі я буду разумець, што за гэтай прапановай ці ўльтыматумам ёсць сіла, ёсць рэсурс, чалавечы перш за ўсё, то будзем разглядаць, як з гэтым быць...

Можа тут не перакладанне адказнасці, а я спадзяюся, што мэта "ўзмацненне" мяне. Пабачым.

Канешне я згодная "ўзмацняцца". Я нічога не ведаю ні пра ваенныя нейкія фармаванні і як гэта робіцца. І калі будзе ваенны чалавек, які возьме гэтую частку працы на сябе, будзе разумець, як гэта ўсё пабудаваць і як гэта ў пэўны момант спрацуе, то палітычная воля канешне можа быць.

Я спачатку за гэта выступала, але не было смелых, не было кандыдатур, а зараз мы жывем у іншы час, калі такая пасада, такі чалавек павінен быць. І можа цяпер знойдзецца такі чалавек".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.