Ціханоўская ў Вене сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЕ

Ціханоўская ў Вене сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЕ

26 красавіка ў Вене Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЕ — Германіі, Францыі, Польшчы, Літвы, ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі. Як паведамляе яе прэс-служба, усе яны падтрымалі Маскоўскі механізм АБСЕ. Летась у яго межах быў падрыхтаваны даклад, у якім згадваліся "неабвержныя доказы" фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў жніўні 2020-га, рэкамендавалася адмяніць іх вынікі і прызначыць новыя выбары "на аснове міжнародных стандартаў". Таксама рэкамендавалася заснаваць незалежны міжнародны орган для расследавання крымінальных злачынстваў, здзейсненых у адносінах грамадзян нашай краіны. Афіцыйны Мінск заявіў, што гэтыя высновы і рэкамендацыі не прымае і выконваць не збіраецца.

Ціханоўская расказала на сустрэчы, у якіх умовах знаходзяцца беларускія палітвязні, пераказала аповеды пра катаванні. Гаворка ішла пра "арганізацыю дыялогу паміж рэжымам і народам", пра тое, якія краіны маглі б стаць пасярэднікамі "у вырашэнні крызісу".

"Менавіта АБСЕ можа дапамагчы вырашыць крызіс у Беларусі мірна, — гаварыла Святлана Ціханоўская. — Бо наша краіна-сябра гэтай арганізацыі, і ў АБСЕ дастаткова досведу і палітычнай волі, каб крызіс у Беларусі быў вырашаны".

Ціханоўская знаходзіцца з афіцыйным візітам у Аўстрыі. У яе запланаваныя сустрэчы з канцлерам і прэзідэнтам гэтай краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі