Ці ёсць у роліку Раманчука фалічны сімвал?

Некаторыя тэлегледачы заўважылі ў тэлевыступе Яраслава Раманчука падсвядомае пасланне. Еўрарадыё сабрала самыя яскравыя прыклады схаваных мэсэджаў з рэкламы (фота, відэа)
Пра зорку Давіда ў знаку амерыканскага долара і схаваныя пасланні ў песнях гуртоў Pink Floyd, Nirvana і Red Hot Chili Peppers напэўна чуў кожны з нас. Аднак абсалютныя чэмпіёны ў выкарыстанні падсвядомых пасланняў у рэкламе - Coca-Cola, Pepsi ды McDonalds. 

Саму падсвядомую(сублімінальную) рэкламу яшчэ ў мінулым стагоддзі забаранілі ў Еўрасаюзе, ЗША, Канадзе і Аўстраліі, аднак падсвядомыя мэсэджы можна знайсці літаральна на кожным кроку. Наколькі эфектыўны гэты “хітрык” пытанне спрэчнае. Праўда, выкарыстанне эратычных кантэкстаў у якасці такіх пасланняў,здаецца, кажа само за сябе. 




Некаторыя гледачы пабачылі падобнае схаванае пасланне і ў тэлевыступе кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Ён прамаўляў па тэлебачанні на фоне плаката з лозунгам “Пабудуем новае, захаваем лепшае”. 

На плакаце можна пабачыць вялікую кветку з жоўтымі пялёсткамі на зялёнай сцяблінцы. Аднак калі адыйсці крыху далей ад экрана, у вочы кідаецца толькі сцяблінка . 

”Няўжо ў гэтай, здавалася б, нявіннай выяве схаваны падсвядомы мэсэдж, у прыватнасці, фалічны сімвал?”- падумалі мы і звярнуліся па тлумачэнні да самога Яраслава Раманчука. Але той у адказ толькі пасмяяўся.

Яраслаў Раманчук: “Трэба мець вельмі багатае ўяўленне, каб у кветцы пабачыць фалічны сімвал. Такога не было, і думаю, у прынцыпе немагчыма. Калі паглядзець з гэтага боку, то ў кожным прыдарожным слупе можна пабачыць фалічны сімвал. Хто што бачыць, гэта вольная інтэрпрэтацыя кожнага чалавека”.


Аднак колеры і кшталт кветкі былі выбраныя зусім невыпадкова. Аўтарам плаката з’яўляецца сусветнавядомы беларускі  мастак Уладзімір Цэслер. Па словах Яраслава Раманчука, плакат меў на мэце парадаваць вока электарату кантрастам да шэрага восеньскага надвор’я. А Ўладзімір Цэслер запэўніў Еўрарадыё, што акрамя сімвала вясны нічога не меў на ўвазе. 

Уладзімір Цэслер: “Там кветка і ўсё. Як там увогуле можна пабачыць фалічны сімвал, там жа жоўтая кветка і зялёная сцяблінка”.

Еўрарадыё: Але калі адысці далей і паглядзець на карцінку агулам, то бачна толькі зялёную сцяблінку.

Уладзімір Цэслер: “Значыцца яны (БТ – заўв. Еўрарадыё) далі іншы пантон. Я зрабіў яго колеру яечнага жаўтка. А яны напэўна зрабілі зусім жоўценькі. Да таго ж у плоскай выяве можна што заўгодна пабачыць. Ну а так увогуле, то гэта ж здаровы сэкс. Ці нездаровы?”

Алею ў агонь падліла і яшчэ адна слухачка Еўрарадыё, якая на пытанне, ці заўважыла яна плакат Яраслава Раманчука, калі той выступаў па тэлебачанні, адказала:

Слухачка: «Амаль усе 30 хвілін толькі на кветку і глядзела. У што быў апрануты Раманчук нават і не памятаю. Разглядала гэтыя пялёсткі, сцяблінку, чытала, што там было напісана ў коле. Добрая ідэя з гэтым плакатам...»

У рэдакцыі Еўрарадыё меркаванні наконт падсвядомага паслання ў плакаце Яраслава Раманчука падзяліліся. Амаль уся жаночая палова згадзілася з тым, што сцяблінка нагадвае фалічны сімвал. А вось мужчынская частка палічыла тэму надуманай. 
Няхай кожны ацэньвае сам, вырашылі мы.








Здымкі рэкламы з сайтаў ionofcare.com, blogspot.com, psychologist.bravehost.com, mensagens-subliminares.kit.net, dba-oracle.blogspot.com, youtube.com

    Апошнія навіны

    Галоўнае

    Выбар рэдакцыі