Ці паспеюць правесці літаратурны прэзідэнцкі конкурс за два месяцы?

Падчас сустрэчы кіраўніка краіны з літаратарамі папулярная аўтарка Наталля Батракова прапаноўвае заснаваць творчы літаратурны конкурс для пачынаючых пісьменнікаў. У якасці прыза выдаваць кнігу ці здымаць фільм. Лукашэнка адразу падтрымлівае ініцыятыву і дае заданне зладзіць конкурс да… Новага года.

"Такія конкурсы з бухты-барахты не праводзяцца. Мусяць быць распрацаваныя ўмовы, правілы. Патрэбны час, каб аўтары маглі даслаць рукапісы. Потым трэба прачытаць гэтыя працы. А два месяцы — што гэта будзе? Будзе зноў не конкурс, а незразумела што! Да гэтага трэба падыходзіць прадумана, сабраць досвед правядзення конкурсаў, паглядзець на досвед расіян, у якіх ёсць прэмія "Дэбют". Думаю, усё ж мелася на ўвазе, каб да Новага года была прадстаўленая справаздача, планы і напрацоўкі мерапрыемства", — гаворыць аўтарка ідэі конкурсу Наталля Батракова. Падобнага меркавання прытрымліваецца і старшыня незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Натуральна, што падрыхтоўку мерапрыемства не супраць узяць на сябе праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом. Па яго словах, тут праводзіць такія конкурсы сотнямі.

"Прасцей гэта рабіць нам, таму што ў нас напрацоўкі — мы праводзім штогод каля сотні такіх конкурсаў і маем напрацаваныя тэхналогіі ў іх арганізацыі, — перакананы Чаргінец. — Адзінае, нам трэба сабрацца з калегамі з незалежнага саюза пісьменнікаў і тымі, хто нікуды не ўваходзіць, і вызначыць намінацыі, узроставы цэнз, хто можа ўдзельнічаць — толькі беларусы ці хто заўгодна".

Мікалай Іванавіч кажа, што пераможцы конкурсаў, якія ладзіць афіцыйны Саюз пісьменнікаў, вядомыя нават за мяжой і прыводзіць прыклад гродзенца Кірыла Котава, які наведаў безліч літаратурных фэстаў ад Н'ю-Ёрка да Кембрыджа.

Незалежны Беларускі саюз пісьменнікаў і беларускі ПЭН-цэнтр таксама пастаянна ладзяць падобныя мерапрыемствы. Яны праводзяцца штогод і прысвячаюцца пэўнай тэме. Напрыклад, па выніках прэміі "Эксілібрыс" імя Янкі Маўра 2012 года былі выдадзеныя кнігі "Сумны суп" Вольгі Гапеевай і "Баваўняная дзяўчынка" Дар'і Вашкевіч. Таксама ўсім вядомая прэмія "Дэбют" імя Максіма Багдановіча, якая ўручаецца кожную вясну на Дзень паэзіі.

"Да таго ж, у нас працуе школа маладога літаратара, — дадае старшыня незалежнага саюза Барыс Пятровіч. Прыблізна каля 20 чалавек штогод наведваюць яе. І па выніках гэтай школы мы выдаём зборнік лепшых твораў маладых літаратараў і стараемся выдаць кнігі самых цікавых навучэнцаў. Напрыклад, хутка выйдзе кніжка маладога празаіка Андрэя Лазуткіна".

Як даведалася Еўрарадыё, выдавецтва "Рэгістр" таксама праводзіць падобныя літаратурныя конкурсы.

"Дзякуючы такому конкурсу, выдавецтвы змогуць знайсці сабе аўтараў, — мяркуе Марына Трабухіна, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю выдавецтва "Рэгістр". — Да нас прыходзіць вельмі шмат добрых прац. І мы выдалі б шмат каго, насамрэч. Але паколькі мастацкая літаратура ў нас не асноўны від дзейнасці, мы не можам так шмат яе друкаваць".

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч называе некалькі ўтапічнай ідэю сумеснага праекта незалежных пісьменніцкіх фармацый і афіцыйнага саюза пісьменнікаў. Аднак кажа, што галоўнае не тое, хто робіць, а што справа робіцца. Маўляў, вельмі харошую справу можна рабіць і калектыўна.

"Калі нічога экстраардынарнага не будзе прыдумана, мы і далей будзем займацца, чым займаемся, досыць паспяхова і эфектыўна", — рэзюмуе Андрэй.

Фота: os.colta.ru