Вы тут

Ці можна "забараніць" Нацыянальны аэрапорт "Мінск" санкцыямі ЕС?

Ці можна забараніць аэрапорт? / Vasyatka1

Складана ўвесці ў дачыненні да Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" санкцыі, якія ўдарылі б па ім мацней за пандэмію, лічыць рэдактар партала Avia.ru, авіяцыйны эксперт Раман Гусараў.

— Фактары, якія істотна ўплывалі, якія ўплываюць на бізнес аэрапорта, ужо адыграны. Гэта пандэмія і санкцыі супраць "Белавія". Усё астатняе — гэта пакусванні, якія вырашальнага значэння не маюць, — кажа Гусараў у гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё.

Як пісала агенцтва Bloomberg, ЕС мяркуе, што міграцыйны крызіс не мог адбыцца "без удзелу некаторых транспартных аператараў, свядомага або неўсвядомленага". Цяпер іх чакаюць санкцыі.

Транспартным аператарам, якія патрапяць у санкцыйны пакет, нельга будзе лётаць над ЕС, ездзіць па яго тэрыторыі, заплываць у яго парты. Прапанова ўнесці ў спіс — апроч усяго, што плавае і лётае, — яшчэ і Нацыянальны аэрапорт "Мінск" выказвала кіраўніца МЗС Эстоніі Эва-Марыя Лійметс.

"Паколькі людзі перамяшчаюцца праз аэрапорт Мінска, яго ўключэнне ў спіс вельмі дарэчы", — сказала міністарка.

Разам з Раманам Гусаравым Еўрарадыё спрабавала зразумець, якія санкцыі ЕС мог бы заўважыць ладна пацярпелы за год аэрапорт.

“Аэрапорт складана пакараць мацней — ён і так пакутуе”

— Шчыра кажучы, я не ведаю, якія яшчэ санкцыі можна цяпер выдумаць у дачыненні да аэрапорта, каб яны былі ў нейкай меры адчувальныя.

Палітыкі Еўрасаюза могуць забараніць палёты ў мінскі аэрапорт замежных авіякампаній. Але я думаю, на дадзены момант страты ад такога рашэння будуць нязначныя — і так практычна ніхто не лётае.

Ці могуць хмары над аэрапортам згусціцца яшчэ больш? / El Bingle

А вось у будучыні, калі пачнецца аднаўленне пасажырапатокаў, мінскаму аэрапорту лепш бы заставацца адкрытым для еўрапейскіх рэйсаў. Калі да гэтага моманту "Белавія" будзе па-ранейшаму пад санкцыямі, аэрапорту было б выгадна прыцягнуць у Мінск іншыя авіякампаніі.

— Ды яны і самі б прыйшлі, каб замясціць "Белавія" ў тых сегментах, дзе яна грала першую скрыпку. У першую чаргу гаворка ідзе пра транзіт паміж Расіяй і Украінай, паміж Расіяй і Еўропай, Міжземнамор'ем, Егіптам і гэтак далей.

І вось ім Еўрасаюз якраз у сілах забараніць выконваць у будучыні гэтую функцыю. Але не сёння.

На сённяшні дзень сур'ёзных рычагоў уздзеяння на аэрапорт Мінска я не бачу проста таму, што ён і так пакутуе ад сітуацыі вакол "Белавія" і пандэміі. Ужо як мацней пакараць? Я пакуль нейкіх сур'ёзных інструментаў не бачу.

 

А ці можна наогул забараніць аэрапорт?

Тэарэтычна можна наогул забараніць аэрапорту функцыянаваць, толькі такое рашэнне прымаюць не чыноўнікі ЕС, а ІCАО.

— Прыняць рашэнне выключыць Нацыянальны аэрапорт "Мінск" з сусветнага рэестра аэрапортаў можа толькі ІCАО. Але, зразумела, такога рашэння, хутчэй за ўсё, не будзе.

Раман Гусараў, кіраўнік інтэрнэт-партала Avia.ru

Наогул ІCАО рэгулярна выключае якія-небудзь аэрапорты са свайго спісу, кажа Раман Гусараў. Гэта нармальная практыка, бо ёсць такія, у раёне якіх ідуць баявыя дзеянні, ёсць такія, якія па іншых прычынах перастаюць функцыянаваць. Напрыклад, аэрапорта Данецка цяпер не існуе: ён не толькі фізічна разбіты, яго няма і на картах аэрапортаў свету.

— Аэрапорты знікаюць з карт — гэта жывы натуральны працэс. Але для таго, каб прыбраць аэрапорт з карты па палітычных прычынах, павінны быць вельмі важкія падставы. У першую чаргу — звязаныя з забеспячэннем бяспекі.

ІСАО можа адклікаць коды і выключыць аэрапорт з рэестра толькі ў тым выпадку, калі выкананне рэйсаў у яго небяспечна. На дадзены момант у сітуацыі з Нацыянальным аэрапортам "Мінск" ніякіх пагроз бяспекі няма. Ва ўсякім выпадку пакуль не завершана расследаванне ІСАО аб пасадцы ў Мінску самалёта Ryanair, пакуль не даказана, што гэтаму самалёту пагражаў знішчальнік.

А значыць, і якіх-небудзь абмежаванняў з боку сусветнай авіяцыйнай супольнасці ў дачыненні да аэрапорта Мінска не будзе. Палітычныя рашэнні могуць быць, але гэта хутчэй будуць забароны для саміх сябе, а не забарона на функцыянаванне аэрапорта.

 

“Укл" і "Выкл”

У пандэмію аэрапорт не закрыўся. Так, не працавалі эскалатары, гарэла толькі дзяжурнае асвятленне, але палёты не спыніліся і не прыпыніліся. Лёталі нават ноччу — хоць танней было б на ноч дзверы зачыніць і зэканоміць на асвятленні.

— Авіяцыйны бізнес і авіяцыйная інфраструктура мае асаблівасць: проста "ўкл-выкл" не атрымаецца. Напрыклад, авіякампанія не можа паставіць свае самалёты да плота і не лётаць некалькі месяцаў, а прыйсці — і зноў ўзляцець. Тэхнічна, тэхналагічна гэта немагчыма, таму што самалёт патрабуе пастаяннага догляду.

Калісьці табло Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" выглядала так / Airportinfo.live

— Прыкладна тое ж самае з аэрапортамі. Немагчыма зачыніць аэрапорт, замарозіць. Усё роўна перыметр ахоўваць трэба дакладна так жа, як і раней. Святло-сігнальнае навігацыйнае абсталяванне павінна працаваць — раптам аварыйная пасадка нейкага самалёта, які проста міма ляцеў. Значыць, усе службы павінны быць на месцах: і дыспетчарскія службы павінны сядзець, працаваць, атрымліваць зарплату. Спецыялісты па абслугоўванні навігацыйнага абсталявання павінны працаваць. Аэрадром павінны ўвесь час чысціць, падтрымліваць, незалежна ад таго, лётаюць самалёты ці не.

Нават калі аэрапорт практычна зачынены, расходная частка гіганцкая. Не маючы ніякіх даходаў, прадпрыемству не будзе адкуль браць грошы, каб хаця б плаціць людзям заробак і аплачваць электрычнасць, спажытую ў велізарных маштабах.

— Таму любая дзейнасць, якая дае хоць нейкія жывыя абаротныя сродкі, вельмі важная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.