Ці можна выклікаць у суд чалавека з дапамогай СМС?

У пятніцу, 6 сакавіка, у судзе Ленінскага раёна Брэста за працу без акрэдытацыі судзілі журналіста-фрылансера Тамару Шчапёткіну. Для Беларусі такая адміністрацыйная справа не новая, але гэтым разам ёсць нюансы.
 
8 студзеня 2015 года паводле пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні Шчапёткіна нібыта зрабіла інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам, якое з’явілася на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя”.
 
Першы разгляд справы мусіў адбыцца 27 лютага ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Аднак у той дзень працэс перанеслі — суддзя вярнуў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. А потым пачаўся проста нейкі судовы спрынт.
 
“А палове 9-й вечара мне тэлефануе ўчастковы інспектар Рачынскі і гаворыць, што трэба з’явіцца ў суд  5 сакавіка ў 9.30 раніцы, — аднаўляе храналогію падзей Тамара Шчапёткіна. — Я кажу: “Хто па тэлефоне выклікае? Калі я паспею наняць адваката, скласці дамову, падрыхтавацца да суда?” І не паехала 5 сакавіка. А дзесьці а палове 10-й вечара атрымліваю СМСку, што мяне выклікаюць у суд на 6 сакавіка. Ізноў у 9.30 раніцы!”
 
                                      Тамара Шчапёткіна
 
Няўжо гэта нармальна — выклікаць у суд з дапамогай СМС? Але, як сцвярджае кіраўнік прэс-службы Вярхоўнага суда Юлія Ляскова, гэта дазволена заканадаўствам. 
 
Юлія Ляскова: “Ужо 6-7 апошніх гадоў гэта шырока выкарыстоўваецца судамі для таго, каб знізіць расходы на паштовыя перасылкі. З дапамогай СМС выклікаюцца ў суд не толькі незалежныя журналісты, але і ўсе астатнія. І даволі часта”.
 
Калі ж узнікаюць сумневы, што такім чынам з вамі жартуюць сябры, прадстаўніца Вярхоўнага суда раіць проста патэлефанаваць у канцылярыю суда, куды выклікаюць, і ўдакладніць праўдзівасць атрыманага паведамлення. Невядома толькі, ці працуе тая канцылярыя суда а 9-й вечара.
 
 
Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай позвы ў суд, Тамара Шчапёткіна 6 сакавіка  прыехала ў Брэст. “Бо ўбачыла, што хочуць гэтую справу хуценька правесці без маёй прысутнасці, я ім там не трэба — так спяшаліся мяне пакараць, бо 8 сакавіка заканчваўся тэрмін справы”, — тлумачыць журналістка. Праўда, трапіць на разгляд уласнай справы ў яе не атрымалася.
 
Паслядоўнасць далейшых падзей нібыта была наступнай: "Адвакат прыйшоў у 9.20 — кабінет суддзі быў зачынены. Зайшоў у 9.30 — суддзя сказаў, што ідзе працэс. 9.40 зайшоў — сказалі, што справа Шчапёткінай ужо разгледжаная без яе, бо... яна не прыехала”.
 
Па словах журналісткі, суддзя прапанаваў ёй выйсці з кабінета. “Трэба было выходзіць, гэта ж службовая асоба — выклікаў бы міліцыю, і 15 сутак бы далі...”
 
У судзе Ленінскага раёна Брэста іншае бачанне развіцця судовых падзей. Іх Еўрарадыё выкладае памочнік старшыні суда Алеся Прыступчык.
 
“У 9.30 сакратар судовага пасяджэння выйшла, але ў калідоры не было нікога з бакоў, і таму прынялі рашэнне разглядаць без іх. Пазней, калі ў кабінет зазірнуў абаронца, яму паведамілі, што судовае разбіральніцтва ідзе — ён пакінуў памяшканне. А калі зазірнуў другі раз, паведамілі, што справа ўжо разгледжаная, і сказалі вынік. Паўтару: калі сакратар выходзіла ў калідор — іх не было. Таму і разглядалі без іх”.
 
Цікава, што Тамара Шчапёткіна дагэтуль не ведае, якую суд вынес пастанову па яе справе. 
 
Дарэчы, гэта ўжо не першы карны прысуд журналістцы з Бярозы за супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі: у снежні 2014 года яна ўжо была аштрафаваная за супрацоўніцтва з “Радыё Рацыя” і атрымала штраф у памеры 4,5 млн рублёў. Тое, што гэта ўлады адмаўляюць “Рацыі” ў акрэдытацыі, нікога не цікавіць.

Фота: www.racyja.com