Ці можа новы “нацыянальны пашпарт” замяніць візу — і калі?

Валер Кавалеўскі 

Валер Кавалеўскі  / Аб'яднаны пераходны кабінет

Аб’яднаны Пераходны Кабінет чакае першую “смелую” краіну, якая наважыцца прызнаць пашпарт “Новай Беларусі”. Там ўпэўненыя, што пасля першага прызнання справа пойдзе хутчэй.

Галоўныя пытанні, якія ў вас назапашыліся пра пашпарт “добрага беларуса”, мы задалі прэсаваму сакратару Прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Кірылу Данько.

 

Валер Кавалеўскі казаў, што ў сакавіку з’явяцца ўжо першыя пашпарты Новай Беларусі. Гаворка пра “сігнальныя экземпляры”, ці пра дакументы для канкрэтных людзей, з якімі можна будзе кіравацца ў падарожжа?

Кірыл Данько: Праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі складаны, бо ўнікальны. Каб гэта быў проста нейкі сувенірны дакумент ад Кабінета, яго б можна было зрабіць цягам некалькіх тыдняў. Але ён бы вызначаў толькі прыналежнасць чалавека да дэмакратычнай Беларусі, і не болей.

Нашая ж галоўная мэта – зрабіць так, каб гэты пашпарт пачалі вызнаваць як сапраўдны дакумент, каб чалавек мог скарыстацца ім як мінімум у якасці падарожнага дакумента.

Ці можа новы “нацыянальны пашпарт” замяніць візу — і калі?
Святлана Ціханоўская прадстаўляе праект новага беларускага пашпарта Еўрадэпутатам

Да нас штодня звяртаюцца беларусы, што сутыкнуліся з праблемай легалізацыі за мяжою. Так, большасць беларусаў па-за межамі краіны знаходзяцца ў Польшчы, у Літве, у Нямеччыне, у Чэхіі, дзе ёсць дакументы іншаземца. Але варта не забывацца на беларусаў, што знаходзяцца ў Грузіі ці, напрыклад, Сербіі, у Паўночнай ці Лацінскай Амерыцы. Таму нашая мэта – вырашыць праблему беларусаў па ўсім свеце, а не толькі ў тых краінах, дзе нас большасць.

Пашпарты па ўсім свеце, як і грошы, моцна абароненыя. І наш пашпарт мусіць адпавядаць усім самым высокім міжнародным стандартам. Таму зараз мы замовілі адмысловыя матэрыялы. А такія матэрыялы, вядома, у любым супермаркеце не набудзеш. Мы стаім у чарзе, чакаем на іх. Але мы не толькі “сядзім і чакаем”. Проста зараз ідзе падрыхтоўка да стварэння арганізацыі, органа, што будзе выдаваць пашпарты. Арганізацыі, якой будзе давяраць міжнародная супольнасць.

У сакавіку гэтая арганізацыя ўжо мусіць працаваць, і першая партыя пашпартоў — узоры — будуць адпраўленыя нацыянальным урадам, каб працэс прызнання распачаўся.

 

А далей?

Кірыл Данько: А далей усё будзе залежыць ад палітычнай волі нацыянальных урадаў кожнай з краін. І ад таго, як пераканаўча мы, беларусы ва ўсім свеце, будзем аргументаваць перад нацыянальнымі ўрадамі патрэбу ў вырашэнні нашых праблем з легалізацыяй праз прызнанне такога дакумента.

Як казаў прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі, выбар у замежных краін будзе даволі просты: падыграць дыктатару і ягонаму рэпрэсіўнаму ўказу — ці дапамагчы беларусам у выгнанні.

 

Якія краіны прызнаюць гэтыя пашпарты першымі?

Кірыл Данько: Да афіцыйнага рашэння мы не можам называць нейкія краіны. Варта таксама ўлічваць, што лабісты рэжыма — у тым ліку, пуцінскія і прапуцінскія — будуць спрабаваць ціснуць на ўрады гэтых краін. Таму хай гэта будзе “сюрпрыз”. Але трэба разумець: на бягучы момант узораў няма, таму запытаў на прызнанне яшчэ ніхто не рабіў, праз гэта пакуль, відавочна, ніхто ніякіх дакументаў па прызнанні нашага пашпарта не падпісваў. Але гэта не азначае, што пашпарт не хочуць прызнаваць.

Я думаю, як толькі адна краіна — тая, што наважыцца быць першай — прызнае наш дакумент, мы пачнем выдаваць пашпарты для беларусаў. Мы – не сувенірная лаўка, мы не хочам выдаваць дакументы дзеля прыгажосці. Нам патрэбная першая краіна, якая наш пашпарт прызнае. Скажу так: “другімі” шмат хто гатовы быць, пытанне ў тым, хто наважыцца стаць “першым”. Ёсць пэўныя спадзевы, але пакуль што гэта настрой, а не канчатковае рашэнне, аформленае ў прававы акт.

Як пашпарт атрымае першае прызнанне – тады ўжо мы будзем рухацца далей. Тады мы пачнем прымаць заяўкі, праводзіць верыфікацыю, друкаваць персаналізаваныя  дакументы і выдаваць іх беларусам.

 

Дапусцім, улетку ў мяне закончыцца беларускі пашпарт. Чакаць новага пашпарта ці падавацца на бежанства?

Кірыл Данько: Скажам так — калі ёсць магчымасць легалізавацца тут і цяпер, гэта трэба рабіць. У нашых умовах лепей мець два дакументы, чым ніводнага.

 

Што з Украінай? Калі ўсё складзецца добра, туды пусцяць па новым пашпарце?

Кірыл Данько: Мы не чакаем, што Украіна будзе першай, хто прызнае гэты пашпарт. Украіна ваюе, у іх – зусім не той парадак дня, што ў мірных краінах Захаду. Але калі наш пашпарт прызнаюць найбуйнейшыя заходнія партнёры Украіны, гэты будзе важны сігнал.

 

Ці змогуць беларусы ў Беларусі карыстацца гэтым пашпартам як візай, калі ўсё пойдзе добра?

Кірыл Данько: У рэжыме татальных рэпрэсіяў мець на тэрыторыі Беларусі дакумент з «Пагоняю» на вокладцы, дакумент ад дэмакратычнага ўрада, які рэжым называе не іначай як «экстрымісцкі», гэта вельмі небяспечна. Мы будзем катэгарычна супраць таго, каб ставіць беларусаў у небяспеку.

Важна зазначыць, што мы прынцыпова і паслядоўна не падзяляем беларусаў унутры краіны і за мяжою. Але, канечне, у першую чаргу новы нацыянальны пашпарт мусіць вырашыць практычную праблему беларусаў за мяжою, якія засталіся без консульскіх паслуг праз рэжым. І беларусы замежжа будуць першымі, каму гэты дакумент будзе выдавацца. Што да беларусаў у Беларусі – то пытанне бяспекі людзей унутры краіны для нас стаіць перад усім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі