Ці можа Крэмль успомніць пра планы інтэграцыі з Беларуссю? І ці хопіць рэсурсу

Акцыя супраць інтэграцыі ў Мінску / Еўрарадыё
Акцыя супраць інтэграцыі ў Мінску / Еўрарадыё

 

Аляксандр Лукашэнка змушаны манеўраваць і шмат чаго страціць, прызнаўшы сябе канчаткова часткай вайны Расіі з Украінай, лічыць палітолаг Аляксандр Марозаў.

Калі для Расіі заканчэнне вайсковых дзеянняў зусім не гарантуе здымання санкцый, дык Аляксандру Лукашэнку досыць “проста выпусціць палітвязняў” для таго, каб пачаць аднаўляць эканоміку, лічыць суразмоўца Еўрарадыё.

Ён падкрэслівае, што гаворка не ідзе пра тое, што Захад паверыць Лукашэнку. Але прагматычны падыход да вядзення спраў, магчыма, дазволіць ізноў пачаць выбудоўваць адносіны Беларусі і Захаду. Маскве гэта можа не спадабацца. Але не факт, што пры негатыўным для Крамля сцэнары развіцця падзей у яго застануцца рэсурсы для таго, каб уплываць на Беларусь так, як было да вайны.

— Цяпер гэта ўжо забылася, але да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі быў перыяд, калі Крэмль практычна цягам года аказваў моцны ціск, раздзімаў кампанію па інтэграцыі. І нават шмат якія крамлёўскія эксперты ў Расіі казалі: так-так, трэба Беларусь далучыць, і тады Пуцін будзе прэзідэнтам усяго вось гэтага [Беларусі і Расіі — Еўрарадыё].

Суразмоўца Еўрарадыё лічыць, што пра гэтыя планы ў Крамлі не забыліся. І ва ўмовах паразы ў вайне з Украінай пра іх ізноў могуць успомніць.

— Цяпер складана зрабіць нейкую выснову, таму што Крэмль працягвае сваю вайсковую дзейнасць ва Украіне. Ён дрэнна вядзе кампанію, але вынікі ў яе ёсць. Крэмль можа паказаць, што захапіў тры вобласці і на іх грунце фармуе Наваросію. І не так проста будзе Украіне адбіць гэтыя тры вобласці.

Пакуль што Пуцін ідзе да ўводзін ваеннага становішча на тэрыторыі Расіі. І, адпаведна, да эканомікі мабілізацыйнага перыяду. А вось Лукашэнка пакуль што застаецца ўбаку ад гэтага.

— У яго, вядома, не рынкавая эканоміка. Але гэта і не эканоміка вайсковага перыяду. Вайсковая эканоміка вельмі хутка дэградуе. Лукашэнка ж мае шанец на гэтай глебе “злёгку адплысці” і апынуцца ў такім становішчы: маўляў, у нас аўтарытарызм, мы разграмілі выбары, мы знішчылі ўсе грамадзянскія арганізацыі, але, тым не менш, у нас тут нават адмысловая рынкавая эканоміка. А ў іх — вайна.

Поўную версію гутаркі з палітолагам Аляксандрам Марозавым глядзіце на канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі