Чатыры месяцы не распакоўвала валізкі — Вераніка Цапкала пра жыццё ў эміграцыі

Вераніка Цапкала з сынамі / instagram.com/veronica.tsepkalo​
Вераніка Цапкала з сынамі / instagram.com/veronica.tsepkalo​

Вераніка Цапкала не чакала, што яе вымушаная эміграцыя ў Латвію настолькі зацягнецца. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю парталу TUT.BY.

Жонка экс-заснавальніка ПВТ Валерыя Цапкалы, які не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты, летам 2020 года далучылася разам з Марыяй Калеснікавай да каманды Святланы Ціханоўскай. Тры жанчыны вялі актыўную перадвыбарчую кампанію і збіралі шматтысячныя акцыі ў сваю падтрымку. У дзень выбараў Вераніка Цапкала з'ехала з краіны. Да таго моманту яе муж і сыны ўжо некалькі тыдняў знаходзіліся за мяжой.

"Калі мы прыехалі ў Латвію, я цягам чатырох месяцаў не распакоўвала валізкі — была ўпэўненая, што вось-вось мы вернемся дадому. У выніку мы здымалі дзевяць розных кватэр, і толькі ў апошнім месцы я разабрала валізкі", — распавяла Вераніка Цапкала.

Паводле яе слоў, яны з мужам былі ўпэўненыя, што сітуацыя павінна змяніцца і яны змогуць вярнуцца дадому. Вераніка Цапкала па-ранейшаму перакананая, што знаходжанне ва ўладзе чалавека, які страціў падтрымку людзей, "не можа працягвацца доўга".

"Магу дакладна сказаць, што мы будзем у ліку першых, хто вернецца ў Беларусь пасля таго, як гэта стане магчымым. У мяне засталіся дома сваякі, сябры, мая мама пахаваная ў Беларусі. Я не ўяўляю сваё жыццё ўдалечыні ад дома", — сказала яна.

Четыре месяца не распаковывала чемоданы — Вероника Цепкало о жизни в эмиграции
Вераніка Цапкала і Святлана Ціханоўская / instagram.com/veronica.tsepkalo

Каб быць бліжэй да Беларусі, сям'я Цапкала і выбрала Латвію.

"Мы знаходзімся побач з радзімай, з домам, і гэта ў нейкай ступені дае нам сілы рухацца наперад", — кажа Вераніка. Акрамя таго, там у іх жывуць сябры і там ёсць рускамоўныя школы.

"А паколькі будучыня нашай сям'і не звязаная ні з якой краінай, акрамя Беларусі, для мяне было прынцыпова, каб дзеці атрымлівалі адукацыю на рускай мове", — тлумачыць яна свой выбар.

У Латвіі Вераніка Цапкала разам з іншымі актывісткамі арганізавала Беларускі жаночы фонд. Яны збіраюць гісторыі жанчын, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Вераніка Цапкала таксама распавяла, што па-ранейшаму рэгулярна мае зносіны са Святланай Ціханоўскай: "Стэлефаноўваемся, сустракаемся, падтрымліваем сувязь".

А вось яе лісты да Марыі Калеснікавай, мяркуючы па ўсім, не даходзяць.

"У мяне такое адчуванне, што мае лісты проста не праходзяць цэнзуру. Можа быць, гэта звязана з тым, што я пішу з Латвіі, але я спрабавала розныя шляхі — з Мінска мае лісты таксама адпраўлялі, але аніводнага адказу так і не прыйшло", — кажа Вераніка Цапкала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі