Вы тут

Чатыры буйныя заходнія выданні напісалі пра Беларусь. Што іх хвалюе?

Ілюстрацыйнае фота

Пасля заяў Крамля аб планах паглыбіць інтэграцыю з Беларуссю заходнія СМІ ўспомнілі пра нашу краіну. З аналітычнымі артыкуламі пра Беларусь і Расію практычна адначасова выступілі The Washington Post, Gazeta Wyborcza, The Independent і інфармагенцтва Bloomberg. Што хвалюе нашых заходніх калег, у чым яны памыляюцца, якія сцэнарыі падаюцца ім верагоднымі? Даведайцеся пра гэта з кароткага (спойлер: не вельмі) пераказу артыкулаў на Еўрарадыё.

 

Эн Эплбаум, The Washington Post: "За апатычнае стаўленне да Беларусі давядзецца заплаціць"

Пісьменніца і публіцыстка Эн Эплбаум спецыялізуецца на Усходняй Еўропе. Яна згадвае калонку пра Беларусь, якую апублікавала пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, і заўважае, што прынцыповых змяненняў у нашай краіне за дваццаць гадоў не адбылося. А вось Расія, на яе думку, вельмі моцна змяняецца. Апетыты Уладзіміра Пуціна растуць, яму патрэбныя яркія поспехі, каб схаваць слабасць расійскай эканомікі і свой млявы рэйтынг.

"Радасць ад акупацыі Крыма прайшла, аперацыя ў Сірыі працазатратная, а захоп чарговых тэрыторый Украіны патрабуе ад Расіі маштабных ваенных намаганняў. Можа, Пуцін на гэта і пойдзе, але магчыма, што да гэтага часу ён ужо далучыць Беларусь да Расіі".

Калумністка лічыць, што да Беларусі будзе ўжытая "ўмераная" форма захопу. Так яна называе эканамічную экспансію і падпарадкаванне.

Радыкальная форма захопу пры гэтым — стварэнне цалкам новага палітычнага ўтварэння, "якім бы кіраваў адзін прэзідэнт, імя якога пачыналася б на літару В". Эплбаум мяркуе, што стварэнне расійска-беларускай дзяржавы магчымае:

"Усе гэтыя дваццаць гадоў Лукашэнка утрымліваўся ва ўладзе дзякуючы таму, што ён добра разумеў, адкуль дзьме вецер. Калі Расія зробіць яму прапанову, ад якой нельга адмовіцца, то ён не будзе супраціўляцца".

Эплбаум канстатуе, што ў Захаду сёння менш ўплыву на Мінск, чым раней. Там цяпер у прынцыпе мала зацікаўленыя Беларуссю.

"І што яшчэ больш важна, цяперашні прэзідэнт ЗША не толькі адмовіўся ад мар аб адзінай і свабоднай Еўропе, ён схільны прымаць пад увагу расійскі пункт гледжання ў большасці істотных спраў".

На думку Эплбаум, Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць аднавіць СССР, развал якога ён калісьці назваў "галоўнай геапалітычнай катастрофай XX стагоддзя".

"За нашу апатыю прыйдзецца заплаціць. Гаворка не толькі пра тое, што беларусы могуць апынуцца на парозе страты сваёй незалежнасці, але і пра тое, што Масква можа быць на парозе новага ператварэння ў паўнавартасную сталіцу імперыі, якая падбірае пад сябе шматлікія краіны і кіруе імі".

 

Леанід Бяршыдскі, Bloomberg: Лукашэнка паміж молатам і кавадлам

Сазаснавальнік расійскага выдання Slon.ru, а цяпер эмігрант і еўрапейскі калумніст Bloomberg Леанід Бяршыдскі называе дзве прычыны, з-за якіх магчымы захоп Беларусі. Першая — Беларусь як кампенсацыя за Курыльскія астравы, якія Расія вымушана будзе вярнуць Японіі.

"Расія як ніколі блізкая да вырашэння тэрытарыяльнай спрэчкі з Японіяй, якая тлее з 1945 года. Хоць гэта прывядзе да прыцягнення буйных японскіх інвестыцый, здзелка будзе азначаць перадачу некаторых спрэчных далёкаўсходніх астравоў — патэнцыйна непапулярны крок, які было б добра збалансаваць тэрытарыяльнымі выгадамі ў іншым месцы".

Другі варыянт — Пуцін не зможа знайсці альтэрнатыўных варыянтаў для працягу сваіх паўнамоцтваў і кампенсацыі знешнепалітычных страт. То бок, калі для змянення канстытуцыі рукі кароткія.

"Цяпер аб'яднанне з'яўляецца палітычна прывабным для Пуціна, і не толькі таму, што ў яго будзе значна ўзмоцнены Вышэйшы дзяржаўны савет [Саюзнай дзяржавы. — Еўрарадыё] у 2024 годзе, але і таму, што ён захавае значную частку сваёй улады на ўсё жыццё без змены канстытуцыі".

Афіцыйныя засцярогі Лукашэнкі аб недапушчальнасці паглынання і заявы прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова аб тым, што зліццё не з'яўляецца прадметам абмеркавання, не азначаюць, што няма гаворкі пра "больш глыбокую інтэграцыю":

"Адмаўленне тычыцца толькі поўнага паглынання, а не больш глыбокага сцэнарыя інтэграцыі Беларусі і Расіі. Аднак падчас дзвюх сустрэч з Лукашэнкам у канцы снежня Пуцін не змог пераканаць свайго малодшага партнёра пайсці па шляху аб'яднання. Большасць беларусаў таксама лічаць, што Беларусь павінна быць незалежнай, хоць і саюзнікам Расіі".

На заканчэнне калумніст Bloomberg піша, што пошук дапамогі на Захадзе менш прывабны варыянт для Лукашэнкі, ён баіцца, што гэта прывядзе да страты абсалютнай улады.

"Перад Лукашэнкам альтэрнатыва: саступаць ціску Пуціна ці шукаць дапамогі на Захадзе. Але гэта, у пэўным сэнсе, менш прывабны варыянт для яго: ён падазрае, што ЗША і Еўрапейскі саюз хочуць падарваць яго амаль абсалютную ўладу. Як і шмат разоў у сваёй кар'еры, беларускі лідар апынуўся паміж молатам і кавадлам".

На думку Бяршыдскага, развіццё сітуацыі залежыць ад Пуціна і яго здольнасці вырашыць палітычныя праблемы, як унутраныя, так і знешнія:

"Ці зможа ён сысці ў гэты раз, шмат у чым залежыць ад таго, ці знойдзе Пуцін іншыя спосабы вырашэння сваіх палітычных праблем, як з правапераемствам, так і з балансам дасягненняў і ахвяр у знешняй палітыцы. Калі ён гэтага не зробіць, ціск можа стаць невыносным для беларускага дыктатара".

Што цікава, Пуціна расійскі калумніст "Блумберга" ні разу не называе ні дыктатарам, ні дэспатам. Па сутнасці, Бяршыдскі ў выніку выдае тыповы для расійскіх мэдыя тэкст пра тое, што лёс Беларусі цяпер вырашаецца Расіяй і асабіста Уладзімірам Пуціным.

 

Олівер Кэрал, The Independent: Пуцін шукае прыгожае рашэнне

Карэспандэнт The Independent Олівер Кэрал лічыць, што Пуцін не хоча мяняць Канстытуцыю Расіі, каб не ісці па банальным шляху дыктатара. Таму яму патрэбнае больш прыгожае рашэнне — Саюзная дзяржава.

"Расійскі прэзідэнт не жадае ўступаць у шэрагі дыктатараў, якіх высмейваюць за тое, што яны чапляюцца за ўладу. Яму трэба было больш прыгожае рашэнне".

У выпадку стварэння рэальнай Саюзнай дзяржавы Уладзімір Пуцін узначаліць новае утварэнне і захавае ўладу:

"Ідэя Уладзіміра Пуціна ўзначаліць новую саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі вырашыла б гэтую галаваломку. Прэзідэнт мог бы ўстанавіць пераемніка, а затым назіраць за стратэгічнымі рашэннямі бяспекі і напрамкамі з новай вышыні".

У тэксце таксама прыводзіцца меркаванне кіраўніка палітычнай экспертнай групы Канстанціна Калачова. Ён лічыць, што ў расійскіх ўладных колах ёсць тыя, хто марыць аб "інтэграцыі" Беларусі і не лічыць беларусаў асобнай нацыяй:

"Крэмль адчайна не хоча, каб яго бліжэйшы партнёр знік на заходняй арбіце, як Украіна. Але расійская палітычная эліта даўно падзялілася ў стаўленні да таго, што з гэтым рабіць. Некаторыя мараць аб "інтэграцыі" свайго найбліжэйшага саюзніка — гэтак жа, як яны марылі аб "інтэграцыі" Крыма. Гэтыя ж людзі не лічаць беларусаў асобнай нацыяй".

 

Вацлаў Радзівіновіч, Gazeta Wyborcza: Наступны пункт у меню Пуціна — Беларусь

"Адна краіна можа знікнуць з карты Еўропы. Гаспадар Крамля губляе падтрымку сваіх суайчыннікаў. Каб яе аднавіць, патрэбныя значныя поспехі, такія як далучэнне да імперыі Крыма ў 2014 годзе ці адарванне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ад Грузіі на шэсць гадоў раней. Беларусь можна ўзяць без вайны", — лічыць карэспандэнт "Газеты Выборчай" Вацлаў Радзівіновіч, які спецыялізуецца на Расіі.

Радзівіновіч мяркуе, што "аншлюс" Беларусі — спосаб падняць рэйтынг Пуціна, бо ён падае з-за непапулярных рашэнняў урада. І адцягнуць ад няздзейсненых чаканняў:

"Расія засела ў эканамічных праблемах і не можа даць сваім грамадзянам тое, што абяцаў прэзідэнт, нават павысіўшы пенсійны ўзрост. Гаспадар Крамля губляе падтрымку сваіх суайчыннікаў. Каб яе аднавіць, патрэбныя значныя поспехі, такія як далучэнне да імперыі Крыма ў 2014 годзе".

На думку публіцыста, Беларусь можна ўзяць без вайны, проста "перакрываючы кісларод" для эканомікі, гэта значыць, спыніць пастаўкі таннай сыравіны:

"Імперыялісты ў Крамлі прымусяць Лукашэнку "інтэгравацца", каб не здарылася таго, што здарылася з Украінай. Масква ўкладвала шмат грошай, каб утрымаць Кіеў у зоне свайго ўплыву. Але гэтыя мільярды былі марныя".

Нядаўняя агаворка Пуціна на прэс-канферэнцыі пра 164 млн чалавек яго насельніцтва (прытым, што насельніцтва Расіі складае 144,5 млн чалавек), Вацлаў Радзівіновіч лічыць класічнай фрэйдысцкай агаворкай:

"Гэта можа быць праўдай, але толькі пасля далучэння да Расіі не толькі Беларусі, але і паўночных раёнаў Казахстана, дзе большасць насельніцтва складаюць рускія. Магчыма, Беларусь не апошняя страва ў меню імперскага Крамля".

***

Вынік несуцяшальны — замежныя выданні прадракаюць Беларусі не самыя вясёлкавыя перспектывы. Хаця журналісты толкам не могуць растлумачыць, як менавіта Пуцін зможа пераканаць Лукашэнку і яго ўрад "за бочку мёду" ахвяраваць суверэнітэтам. Толькі польскі аглядальнік адкрыта заяўляе, што Лукашэнка "здасць краіну", калі эканоміка Беларусі застанецца без танных расійскіх энергарэсурсаў.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 09.01