Вы тут

Чаму ў Новы год разрываюцца тэлефоны абаронцаў жывёл

Сабака, які спалохаўся петард і збег ад гаспадароў / Еўрарадыё

Увечары 2 снежня каля ўваходу на станцыю метро "Малінаўка" я заўважаю самотнага сабаку. Ён спалохана глядзіць па баках — шукае гаспадара. Побач — кампанія дзяўчынак. Яны кажуць, што заўважылі сабаку каля гадзіны таму, і да гэтага часу за ім ніхто не прыйшоў.
 

Для адных — захапленне, для іншых — пекла

Аглядаем аброжак: ланцужок, металічная спражка, але на жаль — ніякай інфармацыі аб гаспадары. Сабака зазірае ў вочы, віляе хвастом. Відаць, яна згубілася зусім нядаўна.

Сэрца не камень — вырашаю ўзяць сабаку на ператрымку. Прыходжу дадому і раскідваю паведамленне пра згубленага сабаку па сацсетках. І заўважаю дзясяткі аналагічных паведамленняў, пакінутых за апошні дзень.

"Чортавы салюты!" — у каментарах людзі наракаюць на піратэхніку. Пускаць петарды ў Новы год — рытуал для многіх беларусаў. Але пакуль адны прыходзяць ад шуму ў поўнае захапленне, для іншых гэта — пекла. Каты ад шуму хаваюцца пад канапы, сабакі зрываюцца з павадкоў і ад страху бягуць куды вочы глядзяць. Часам іх знаходзяць ў іншых гарадах, за шмат кіламетраў ад дамоў.
 

Зоаабаронца: "У першыя дні новага года нашы тэлефоны разрываюцца"

Па словах заснавальніцы таварыства абароны жывёл "Эгіда" Наталлі Бялянавай, такіх выпадкаў дастаткова. Часам сабак знаходзяць з абарванымі вяроўкамі на шыях. Ад жаху яны рвуць нават дваровыя прывязі.

"У першыя дні новага года нашы тэлефоны разрываюцца, — наракае суразмоўца Еўрарадыё. — Тэлефануюць адусюль. Пішуць у сацыяльныя сеткі. Многія жывёлы не чыпаваныя, няма інфармацыі на ашыйніках, трэба шукаць ператрымкі. Некаторыя людзі прытуляюць іх, але потым выпускаюць, бо не гатовыя да гэтага".

Пакутуюць ад піратэхнікі і птушкі. Спецыяліст грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левый, расказвае Еўрарадыё, што піратэхніка можа не толькі напалохаць, але і забіць птушак.

Лебедзі ў Празе / iloveprg.ru

"На днях госці Прагі назіралі, як выбух петарды напалохаў некалькі дзясяткаў лебедзяў-шыпуноў. У паніцы яны разляталіся ў розныя бакі. У цемры яны вельмі дрэнна бачылі, натыкаліся на аўтамабілі і электрычныя драты. Адны птушкі загінулі, іншыя былі моцна пакалечаныя", — кажа ён.

Суразмоўца нагадвае, што такія ж лебедзі зімуюць і ў Беларусі, а ўсяго зімой у нашай краіне можна сустрэць больш за 100 відаў розных птушак. Любыя гучныя гукі — стрэс для іх. Гісторыя, падобная да пражскай, можа здарыцца ў любым месцы, дзе гуляюцца з піратэхнікай.
 

Атмасфера свята

Ну а што людзі? Калега распавядае пра суседа, які штогод ладзіць у двары светлавое шоў — закупляецца феерверкамі на пару тысяч рублёў. У гэтым годзе іншы сусед пасля кожнага выбуху весела каментаваў з балкона: "Гэта была зарплата настаўніка! А гэта — гадавая дапамогак па беспрацоўі! А гэта — пенсія! "

Гомельскі журналіст Пётр Кузняцоў незадаволены навагоднім грукатам за акном:

"Ім здаецца, што тупа дзяўбаць эфір капейкавай петардай дзеля" ба-бах "- гэта" атмасфера свята ",

 возмущается он на своей страничке в “Фейсбуке”. —  Я вот пытаюсь себе это представить: как? Как это работает, что человек, когда слышит "Бах!" вдруг становится счастливым? Это, если такой тип идёт по улице и вдруг где-то поблизости у проезжающего мимо авто лопается колесо, у него случается выброс эндорфинов, он начинает улыбаться и подпрыгивать на месте от радости? Это так должно работать?”

Сямён Левый раіць аматарам грукату не карыстацца петардамі хаця б у месцах, дзе шмат птушак, ці там, дзе яны ночаць. Суразмоўца прыводзіць у прыклад вадасховішча "Крыніца" на паўночным захадзе Мінска, а таксама наваколлі Мінскага заапарка. Там ахвярамі могуць стаць як вадаплаўныя птушкі на Свіслачы, так і жывёлы ў вальерах.

Наталля Бялянава нагадвае, што трэба абавязкова чыпаваць сабак або пакідаць пры іх нумары тэлефонаў гаспадароў, каб таму, хто іх знойдзе, было зразумела, з кім звязвацца. Паводле яе слоў, кожны год прыносіць "Эгідзе" па 300-400 зніклых жывёл, якія так і не вяртаюцца да старых гаспадароў.

PS

А ў гісторыі з сабачкам, якога я ўзяла да сябе дадому, здарыўся хэпі-энд. Ужо ўдзень 3 студзеня мне патэлефанавала яго гаспадыня. Спрацавала магія сацсетак, ды і наогул Новы год — час цудаў!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.