Чаму ў Беларусі кошты вышэй, чым у суседзяў?

У інтэрв'ю Еўрарадыё эксперт распавёў, што 80% коштаў у нас рэгулююцца дзяржавай. Не гледзячы на гэта, мы – лідары па росце коштаў. Урад можа стрымаць сітуацыю, калі да канца года атрымаецца пазычыць яшчэ мільярдаў 5…

Еўрарадыё: Калі ездзіш у суседнія краіны, заўважаеш, што кошты ў Беларусі часта вышэйшыя, чым за мяжой. Напрыклад, мы неяк рабілі матэрыял пра тое, дзе будзе даражэй накрыць да новага года стол - у Мінску ці Варшаве… Аказалася - у Мінску. Чаму так адбываецца?

Леанід Злотнікаў: Я не магу сказаць, як змяняецца сітуацыя сёлета - цяпер зноў ідзе падвышэнне коштаў на збожжа, на малочную прадукцыю і іншыя тавары... Цалкам можа быць, што кошты могуць зраўняцца. Але ў мінулыя гады, сапраўды, у Беларусі кошты былі вышэйшыя. Гэта абумоўлена больш высокімі выдаткамі на вытворчасць прадукцыі тут, чым у краінах Еўрапейскага Саюзу.

Для нагляднасці я прывяду прыклад. Давайце ўявім, што мы вырашаем задачу - колькі нафты расходуецца на тое, каб вырабіць і спажыць у Беларусі адзін кілаграм мяса? 
 Ураджайнасць у нас прыкладна ўдвая ніжэй, чым у ЕС. 
Расход гаручага беларускіх трактароў на гектар раллі (улічваючы, што частка тэхнікі не вельмі эфектыўная) некалькі вышэйшая, чым там. Адсюль вынікае, што на адну кармавую адзінку тут патрабуецца ўзараць удвая больш плошчы, чым у Даніі ці Германіі.

Далей вядома, што для таго, каб атрымаць адзін кілаграм прывесу па буйной рагатай скаціне ці па свіннях, у Беларусі расходуецца кармавых адзінак у два разы больш, чым у Еўрапейскім Саюзе. Атрымліваецца, што для таго, каб атрымаць мяса ў жывой вазе, ужо патрабуецца ў 4 разы больш энергіі. Потым ідзе падрыхтоўка ежы… У выніку, атрымліваецца, што на кілаграм мяса, якое трэба прыгатаваць і з'есці, расход нафтапрадуктаў у 6 разоў вышэйшы, чым у еўрапейскіх краінах.

Каб з'есці кілаграм мяса беларусы павінны выдаткаваць у 8 разоў больш нафты, чым суседнія краіны

Вядома, сельская гаспадарка ў нас  - вельмі неэфектыўная галіна. Калі ўзяць прамысловасць у цэлым, то расход энергіі будзе утрая большы. Калі ўзяць ВУП у цэлым, то афіцыйна расход энерганосьбітаў на адзінку ВУП атрымліваецца ў 2-3 разы вышэйшы.

Атрымліваецца, што калі мы купляем нафту ці газ па такіх жа коштах, як купляюць гэту нафту і газ у Еўропе, то каб з'есці кілаграм мяса, увыніку мы павінны спажыць у 8 разоў больш нафтапрадуктаў! І ў кошце мяса гэтыя нафтапрадукты павінны сядзець.

Вось вам і адказ. Прычына высокіх коштаў - нізкі ўзровень эфектыўнасці тэхналагічных працэсаў у Беларусі. 

Атрымліваецца, што нават пры нізкіх заробках - кошт высокі…

Ёсць такое паняцце - імпартаёмістасць прадукцыі. Што б мы не выраблялі - кубак, абутак, адзенне, мяса - у сярэднім, каб вырабіць адзінку прадукцыі нам трэба 50% ад яе сабекошту імпартаваць… Гэта значыць, калі ўзяць сабекошт тавару, вырабленага ў Беларусі, аказваецца, што палова расходаў там - на імпарт. Краіна маленькая, у Беларусі няма той разнастайнасці сыравіны, якая неабходная для вытворчасці. Шматлікія вузлы, дэталі, машыны мы купляем за мяжой. Энергія, галоўным чынам, пакупная…

Атрымліваецца, што калі такія высокія выдаткі на імпарт сыравіны, то сабекошт таксама вельмі высокі. І нават калі долю зарплаты ў гэтым сабекошце даводзіць амаль да нуля, то ўсё адно аказваецца, што кошт толькі з-за адной імпартаёмістасці будзе вельмі высокім.

Асноўнай прычынай высокіх коштаў у Беларусі вы назвалі неэфектыўнасць, тэхналагічную адсталасць… А што да такіх фактараў, як адсутнасць канкурэнцыі ці рэгуляванне коштаў? Гэта таксама ўплывае?

Так, вядома, уплывае. Тут важны не толькі ўзровень чыстых тэхналогій - перапрацоўкі сыравіны, паўфабрыкатаў… А яшчэ і ўзровень кіравання, іншая грамадская сістэма, стаўленне да ўласнасці, кіраванне - усё гэта знаходзіцца ў адсталым стане ў параўнанні з развітымі краінамі.

Калі я кажу "грамадская сістэма", то маю на ўвазе і тое, рынкавае гэта рэгуляванне, ці гэта дзяржаўнае кіраванне. Таму што калі дзяржава плануе,колькі чаго вырабіць, то якая там можа быць канкурэнцыя? Іншая грамадская сістэма - вось вам галоўная прычына больш высокіх коштаў на тавары.

Насамрэч, мы плацім за прадукты на 25% больш, чым яны каштуюць у краме

Дзяржава па розных каналах субсідуе сельскагаспадарчую вытворчасць, па афіцыйных крыніцах - гэта 2 мільярды долараў у год. Гэта значыць, што сям'я з 3-х чалавек як бы атрымлівае субсідыі ў 600 долараў у год. Але насамрэч, гэта ж самая сям'я іх і аплачвае, калі купляе будматэрыялы (куды ўваходзяць розныя падаткі), калі рамантуе аўтамабіль (у нас кошты на запчасткі ў 2-3 разы вышэй, чым за мяжой). У гэтых запчастках, будматэрыялах сядзяць розныя падаткі, якія дзяржава збірае ў бюджэт. 

Потым з бюджэту яно ўжо аплачвае сельскагаспадарчым арганізацыям нейкія выдаткі (напрыклад, на раскісленне глеб). Мінеральныя ўгнаенні даюцца ніжэй сабекошту, і многае іншае. Усё гэта, урэшце, аплачвае насельніцтва. Насамрэч, мы плацім за харчаванне адсоткаў на 25 больш, чым мы плацім у краме.

Самі таго не ведаючы…

Так, народ пра гэта не падазрае.

Якія кошты ў нас рэгулююцца дзяржавай і ці шмат іх?

Такіх коштаў у нас шмат. Напрыклад, усе кошты на будаўнічыя працы цалкам усталёўваюцца дзяржавай. У нас амаль цалкам усталёўваюцца кошты на прадукцыю сельскай гаспадаркі, так званыя закупныя кошты… У нас прама ўсталёўваюцца ўсе кошты на жыллёва-камунальныя паслугі, на транспарт, бензін. Ёсць частка харчавання, на якое прама ўсталёўваюцца кошты - так званыя сацыяльна значымыя тавары. І галоўнае - гэта рэгуляванне коштаў прадпрыемстваў-манапалістаў, у нас іх цяпер у рэспубліканскім спісе каля 900. Яны не маюць права павялічваць кошты вышэй за нейкі ліміт.

Гэтак жа рэгулююцца кошты на імпартныя тавары, аптовая і рознічная надбаўка не павінна быць больш за 30% ад кошту. Кожны год урад усталёўвае так званыя прагнозныя паказчыкі. І сярод гэтых паказчыкаў ёсць узровень росту коштаў. Кошты сёлета не павінны вырасці больш чым на 8%. У кожным выканкаме сочаць, каб кошты не павялічваліся, скажам, на 0,8% у месяц. 

Карацей кажучы, калі падумаць, то можна набраць адсоткаў 70-80 коштаў, якія прама ці ўскосна рэгулююцца дзяржавай.

І як гэты фактар уплывае на агульны ўзровень коштаў у краіне?

Калі ўзяць статыстыку па краінах СНД ці Еўропы, то сёлета мы - сярод лідараў па росце коштаў. Гэта значыць, гэта як бы не дапамагае… Дзяржава  сама хутчэй павялічвае кошты, чым рынак. Кошты растуць хутчэй, чым гэта было б ва ўмовах канкурэнцыі.

Што можна ўсё ж рабіць для таго, каб кошты не раслі, і ці робіцца ў нас штосьці цяпер?

З тэорыі вядома, што існуе кошык тавараў і паслуг, па якім лічыцца індэкс спажывецкіх коштаў. І калі гэты кошык сёлета каштуе столькі ж, колькі яна каштавала летась - гэта не значыць, што кошты на асобныя тавары не змяніліся. Кошты на асобныя тавары могуць вырасці, на іншыя - апусціцца. Але ў цэлым узровень коштаў, кошт кошыка, застаецца нязменным. У гэтым выпадку кажуць, што ўзровень коштаў застаецца нязменным. Дык вось урад іншых краін рэгулюе ўзровень коштаў…

Вядома ж, нідзе няма такога, каб кошты былі зусім свабоднымі. Напрыклад, у Кітаі 5% коштаў рэгулюецца дзяржавай, 95% - гэта зусім свабодныя кошты. Ёсць кошты, якія рэгулююцца ў Польшчы, Літве… Але іх вельмі мала - 1-3%... Вядома, там няма такога паняцця, як сацыяльна значымыя тавары. Нейкія кошты рэгулююцца, але гэта значна не змяняе сітуацыю - 90% і больш адсоткаў коштаў - гэта свабодныя кошты. І тады дзяржава не кошты рэгулюе, а сочыць за ўзроўнем коштаў. А гэта ўжо можна рабіць на макра-ўзроўні - ёсць крэдытна-грашовая палітыка, якая дапамагае рэгуляваць узровень коштаў, папросту кажучы, сачыць за грашовай масай у звароце.

Нацыянальны ці цэнтральны банк краіны вядомымі яму інструментамі правядзення крэдытна-грашовай палітыкі рэгулюе грашовую масу. Цяпер, напрыклад, у Беларусі за апошнія 4 месяцы грашовая маса расце. На 1 жніўня гэтага года грашовая маса была на 42% большая, чым на 1 жніўня мінулага года. Яна пачала павялічвацца недзе з траўня і хутка набірае абароты. 

Уявіце сабе, што колькасць тавараў, якія вырабляе краіна і прадае насельніцтву, не павялічваецца, а грашовая маса расце. Гэта значыць колькасць грошай у звароце стала большай, людзі з гэтымі грашыма ідуць на рынак, а колькасць тавараў тая ж самая. Натуральна, што пачынаюць расці кошты. Калі зарплаты і пенсіі павялічылі за кошт друкарскага станка, значыць, чакай росту ўзроўню коштаў. Інфляцыя ў нас цяпер павінна быць да 30%.

З вашых слоў вынікае, што ў нас цяпер павінны павялічвацца кошты, але ў нас хутка выбары і ўсім вядома, што перад выбарамі імкнуцца рабіць так, каб нічога непрыемнага для насельніцтва не здаралася…

Так, гэта ў любой краіне адбываецца.

І ці можна цяпер ужо выказаць здагадку, чаго можна чакаць пасля выбараў у плане коштаў?

Гэта трэба бачыць усю сітуацыю ў эканоміцы - і знешнюю, і ўнутраную. Калі ў урада да канца года атрымаецца пазычыць яшчэ мільярдаў 5, то ўвогуле ён можа стрымаць сітуацыю, і кошты могуць не моцна расці…

Цяпер яны, вядома, растуць. Урад пазычае сёлета трохі менш, чым у мінулым, а заробкі падвышаныя. Таму кошты цяпер растуць, асабліва на шэраг неабходных для насельніцтва тавараў - сметанковае масла, цукар, камунальныя паслугі… Цяжка сказаць, ці ёсць насамрэч рост у 6% у параўнанні з мінулым годам, як кажуць у дзяржкамітэце па статыстыцы, але на шэраг значных для насельніцтва прадуктаў кошты выраслі яшчэ больш. Але калі б не было гэтага запазычання з-за мяжы, якое потым ператвараецца ў золатавалютныя рэзервы і праз такі механізм стрымлівае рост коштаў, у гэтым выпадку інфляцыя была б значна вышэй.

Але наогул пра інфляцыю, пра рост коштаў і г.д., можна казаць у межах рынкавага рэгулявання эканомікі, а ў межах каманднай эканомікі многія з гэтых разважанняў не заўсёды дакладныя… 

Вядома, што ў нас цяпер продаж сметанковага масла ўнутры краіны стратны. Ясна, што калі б гэта было ў рынкавай эканоміцы, то кошт масла ў нас цяпер быў бы вышэй, чым ён ёсць насамрэч. Былі б вышэй закупныя кошты на малако, таму што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны былі б мець нейкую рэнтабельнасць, каб купляць тэхніку, а не для таго, каб ім яе дзяржава аддавала ў лізінг. Кошты на харчаванне былі б значна вышэй, калі б тут цяпер была раптам адкрытая рынкавая эканоміка.

Першы час, так…

Так. Спачатку. А потым бы канкурэнцыя ўсё гэта збіла, як і ўсюды, калі б яна была. Але канкурэнцыі ў нас практычна няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі