Чалы: Калі хто і гуляў у байкот, дык гэта ўлады

Чалы: Калі хто і гуляў у байкот, дык гэта ўлады

Эканаміст, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, Сяргей Чалы ў эфіры Еўрарадыё распавёў пра асаблівасці сёлетняй выбарчай кампаніі і эканамічную сітуацыю.

Чалы кажа, што камандзе Караткевіч атрымалася сфармаваць свой уласны сцэнар выбарчай кампаніі.

Акцэнт на “мірныя перамены” адразу зняў пытанне пра Майдан. Эканоміка была зроблена галоўнай часткай мэсэджа праграмы. Да гэтага ніхто з людзьмі не спрабаваў размаўляць, як з дарослымі, тлумачыць людзям, у якой сітуацыі знаходзіцца эканоміка, наколькі сітуацыя крытычная і якія складаныя рашэнні спатрэбяцца, кажа эканаміст.

На яго думку, сцэнар уладаў быў таксама простым: “ігнараванне эканамічнага мэсэджа”. “Там няма чым хваліцца, пяцігодка цалкам правальная па ўсіх паказніках. Калі хто і гуляў у байкот, дык гэта прэзідэнт”, які амаль не сустракаўся з народам і калектывамі. Акрамя хіба наведвання БМЗ, адкрыцця другой кальцавой і малітвы “За Беларусь”. Але і на такіх сустрэчах, пра будучыню уладзе казаць было няма чаго, ніякага эканамічнага вобраза.

Чалы: “Усё што прапануецца, перачакаць гэтыя эканамічныя ўзрушэнні. Даходзіла зусім да смешнага, калі мір у краіне — ужо не важна, ці маеце вы вопратку, ежу і якія кошты на іх. Гэта было даслоўна з “Малітвы на Беларусь”. Гэта адзін з жудасных мэсэджаў, які толькі можа гучаць для людзей. Сцэнар уладаў відавочны, тыя хто супраць, тыя — за Майдан”.

На думку эканаміста, улада не давала ніякай альтэрнатывы эканамічнаму бездзеянню.

Чалы: “І вось сённяшняе выказванне Лукашэнкі пра тое, што я гатовы пачаць гэтыя балючыя рэформы. Я ўбачыў, што людзі нарэшце "за". Гэта і быў галоўны вынік гэтых выбараў”.

Па словах эканаміста, авансам людзі адчулі на ўласнай скуры многія балючыя аспекты рэфармавання: кошты, беспрацоўе, узровень зарплатаў. Шок ёсць, а тэрапіі — няма. Цяпер засталася чарга за рэформамі.

На думку Чалага, рэформы варта праводзіць на двух узроўнях. Ёсць рэчы, якія можна правесці хутка, а ёсць тыя, якія дадуць вынік потым. Першае, што неабходна зрабіць, гэта скасаваць “адміністратыўны маразм”, і даць свабоду прыватнаму сектару.

Прыватны сектар мусіць стаць не проста крыніцай эканамічнага росту, а яшчэ і стваральнікам працоўных месцаў. Трэба "прыструньваць" Мінгадлю, скасаваць сертыфікацыю, ліцэнзаванне і іншае. Гэта тое, што можна зрабіць цягам года-паўтара, а вынік гэта дасць імгненна.

“А далей трэба рэструктурызаваць буйныя дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы, гэтыя прадпрыемствы-зомбі. Якія ствараюць тое, што рынку непатрэбна і проста смокчуць грошы з эканомікі. Вось дзве гэтыя рэчы трэба рабіць адначасова. Адно без другога не працуе”, распавядае стратэгію Чалы.

Эканаміст таксама перакананы, што будзе дзейнічаць і праграма супрацоўніцтва з МВФ. Гэта было чуваць на самым высокім узроўні, у тым ліку і ад Паўла Калаўра, старшыні праўлення Нацбанка. Пытанне толькі для чаго. Бо МВФ цікавіць, якая канчатковая мэта гэтых мераў.

Па словах аналітыка, пасля выбараў курс долара сур’ёзна змяняцца не будзе, а будзе залежыць ад курса расійскага рубля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі