Чалы: гэта ўлада паразітаў, якія нічога не ўмеюць рабіць

Грошы

Грошы / Euroradio

Галоўны навык, які засвоіла ў сферы эканомікі дзеючая беларуская ўлада, — "сядзець на патоках і кантраляваць", лічыць незалежны аналітык Сяргей Чалы.

— Але гэтыя "кантралёры" не ўмеюць нічога вырабляць. Гэта паразіты, якія могуць існаваць толькі тады, калі ёсць, на чым паразітаваць.

Чалы параўноўвае рэакцыю беларускіх уладаў на санкцыі і сыход заходніх кампаній з рэакцыяй Расіі.

— У Расіі іх з задавальненнем адціскаюць, прымушаюць прадаваць за бесцань. Таму што там ёсць няхай праўладныя людзі, але тыя, хто ўмее працаваць . А што робяць беларускія ўлады? Яны кажуць кампаніям з замежным капіталам: вы не можаце з'ехаць, вы не можаце вывесці грошы і можаце траціць іх толькі ўнутры краіны, але і зачыніцца вы не можаце, іначай мы ўвядзем вонкавае кіраванне. Іх задача — прымусіць працаваць на іх, бо самі яны нічога не могуць.

Чалы лічыць, што рэжым успрымае беларускіх грамадзян як "рэсурсную базу".

— А зараз прынцып "вы на нас працуеце" апынуўся пад пагрозай. З беларускай эканомікай адбываецца цікавы феномен. Спачатку Лукашэнка не лічыў ад'езд людзей праблемай. Маўляў, не падабаецца — гладкай дарогі. "Валіце!" — казалі яны. Мы чулі гэта два дзесяцігоддзі. А потым паўстала пытанне: а хто ж працаваць будзе?

У эфіры Еўрарадыё Чалы пераказвае прытчу пра чарвякоў, якія жылі ў старой шафе.

— Яны яе елі, таўсцелі, пакуль цвёрдасць структуры не парушылася — і тады шафа рассыпалася. І паўстаюць пытанні: "А дзе ж я сталавацца буду?" і "хто ж працаваць будзе?" Адсюль і пасылы: "Ану сядзі-працуй!"

Заўважце, як хутка яны ўключылі заднюю ў гісторыі з адпрацоўкай "платнікаў". Яны хутка зразумелі, што ў такіх умовах у нас проста не будзе выпускнікоў, — кажа Чалы, маючы на ўвазе, што пасля такіх "пагроз" выпускнікі з'едуць з Беларусі, не чакаючы выпускнога.

Чалы кажа, што запаволенне эканомікі відаць і па графіках: тэмпы росту рознічнага таваразвароту адстаюць ад тэмпаў росту зарплаты.

— А так не павінна быць.

Поўную версію размовы галоўнага рэдактара Еўрарадыё Паўла Свярдлова з Сяргеем Чалым глядзіце на Youtube-канале Еўрарадыё.

Глядзіце поўную версію размовы тут

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.