Вы тут

Чалавек, які "забіў" Алексіевіч

Тамаза Дэбенедэці. Фота: Iber Press

Апоўдні 18 траўня ў Твітары міністра культуры Францыі Франсуаз Нісэн з'явіўся допіс пра смерць Святланы Алексіевіч. "Жахлівая навіна. Толькі што мне паведамілі, што Святлана Алексіевіч памерла. Ніякай іншай інфармацыі ў мяне няма", — пісала міністр.

Праз некалькі хвілін навіна пра смерць Нобелеўскай лаўрэаткі з'явілася на сайце аўтарытэтнага французскага выдання Le Figaro. Яшчэ праз некалькі хвілін — у стужках расійскіх інфармагенцтваў.

У гэты ж час карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук набіраў нумар Святланы Алексіевіч. Пісьменніца, якой 31 траўня споўніцца 69 гадоў, адказала на тэлефанаванне і вельмі здзівілася навінам. "Са мной усё добра, я жывая, цяпер у Сеуле. Відаць, гэта нехта так няўдала пажартаваў", — сказала яна.

Медыя па ўсім свеце пачалі выбачацца і даваць абвяржэнні. Дату смерці пісьменніцы аператыўна прыбралі з "Вікіпедыі". "Твітар міністра" ўжо выдалены. Ён апынуўся фэйкам, створаным за дзень да ўсёй гэтай гісторыі. Там было ўсяго шэсць паведамленняў. Аўтар містыфікацыі — Тамаза Дэбенедэці, вядомы італьянскі авантурыст і інтэрнэт-хуліган.

"Я хачу стаць чэмпіёнам Італіі па хлусні"

Пра Тамаза Дэбенедэці вядома не шмат, а тое, што вядома, лёгка можа апынуцца фэйкам. Ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў сям'і журналіста Антоніа Дэбенедэці — вядомага літаратурнага крытыка. Тамаза жыве ў Рыме, выхоўвае дваіх дзяцей, выкладае ў сярэдняй школе і выконвае важную місію: змяніць наша стаўленне да інтэрнэта.

У 2000-я Дэбенедэці праславіўся як фрылансер. Ён браў інтэрв'ю ў знакамітасцаў і публікаваў іх у рэгіянальных італьянскіх медыя. Сярод яго суразмоўцаў ― Нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры Жазэ Сарамага і Марыа Варгас Льёса, палітык Міхаіл Гарбачоў, рэлігійныя лідары Далай Лама XIV ды Бенедыкт XVI. 

Усе інтэрв'ю былі фэйкавымі.

Калі ў 2010 годзе містыфікатара раскрылі, ён сказаў: "Я хачу стаць чэмпіёнам Італіі па хлусні". Але справа была не ў тым, каб праславіцца. Дэбенедэці лічыў наша грамадства занадта даверлівым і хацеў паказаць, як лёгка маніпуляваць прэсай у эпоху сацыяльных медыя.

Як адным твітам змяніць кошты на нафту

Развіццё інтэрнэта дало пранкеру новыя магчымасці. Дэбенедэці стварыў у Твітары дзясяткі акаўнтаў ад імя палітыкаў па ўсім свеце. Яго самы вялікі поспех — Твітар расійскага міністра абароны Сяргея Шойгу, сярод падпісчыкаў якога мы налічылі 23 буйных сусветных СМІ: The Times, The Wall Street Journal, Reuters, The Financial Times, GQ, The Guardian, The Daily Telegraph...

Пару разоў у махляра атрымлівалася нават падмануць сістэму верыфікацыі, якая існуе ў Твітары. "Мой фэйкавы акаўнт міністра замежных справаў Германіі Штайнмаера атрымаў verification logo на дзве гадзіны, але пасля яго прыбралі. А мой фэйкавы акаўнт італьянскага прэм'ер-міністра Монці атрымаў verification logo ў 2012 годзе і быў у сябрах у прэзідэнта Францыі Сарказі", — распавёў Дэбенедэці сайту Business Insider.

У жніўні 2012 года Дэбенедэці зладзіў сваю самую паспяховую містыфікацыю. Праз фэйкавы твітар-акаўнт расійскага міністра ўнутраных справаў Калакольцава ён паведаміў пра забойства Башара Асада, прэзідэнта Сірыі. Твіт выклікаў паніку на рынку нафты. За хвіліну цана "чорнага золата" паднялася на 1%.

Герой цывілізацыі відовішчаў

Апошнім часам пра Тамаза Дэбенедэці было не чуваць. Ён сканцэнтраваўся на выкладчыцкай працы. Часам ён збірае сваіх навучэнцаў вакол камп’ютара і паказвае ім прыклады недаравальнай наіўнасці, за якую пасля даводзіцца выбачацца вельмі сур'ёзным людзям.

У жніўні 2016 года Марыа Варгас Льёса згадаў Дэбенедэці ў сваім эсэ "Нататкі пра смерць культуры" ("Notes of the death of culture"). Набеліят не толькі не пакрыўдзіўся на фэйкавае інтэрв'ю, але і назваў пранкера "героем цывілізацыі відовішчаў".

А вось італьянскія журналісты не вельмі любяць Тамаза Дэбенедэці. Хэштэгам #tommasodebenedetti яны адзначаюць навіны і крыніцы, у сапраўднасці якіх маюць сумневы.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі