Вы тут

Царык: Арганізатары веснавых акцый пратэсту спрацавалі на карысць Расіі

Юрый Царык, фота Змітра Лукашука

Веснавым акцыям пратэсту 2017 года папярэднічала значнае пагаршэнне ўзаемаадносінаў паміж Масквой і Мінскам. Любое пагаршэнне сацыяльнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі было на руку Расіі і арганізатары антыдармаедскіх акцый пратэсту спрацавалі на карысць Крамлю. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказаў аналітык Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Юрый Царык.

Юрый Царык: “Відавочна было, што пратэсты і пагроза дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Беларусі, адпавядаюць інтарэсам Расіі. Яны аслабляюць пазіцыю афіцыйнага Мінска ў тым ліку ў межах супрацьстаяння з Расійскай Федэрацыяй. Арганізатары пратэстаў не разумеюць таго, што гэтыя пратэсты на руку Расіі,. Альбо яны да такой ступені не валодалі сітуацыяй, што нават гэтага не разумелі, што яшчэ горш”.

Хто на самой справе стаяў за арганізацыяй веснавых акцый пратэсту, якія структуры і якой краіны ― дагэтуль невядома, сцвярджаюць у сваім дакладзе “Палітычны крызіс лютага-сакавіка 2017 года ў Беларусі” кіраўнікі Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Юрый Царык і Арсеній Сівіцкі. Высветліць гэта трэба было б абавязкова, упэўнены Царык. Нават калі гэта “высвятленне” прывядзе да распачынання новых адміністрацыйных ці нават крымінальных спраў.

Юрый Царык: “Калі дзяржава так моцна клапоціцца пра палітычную стабільнасць, пра захаванне канстытуцыйнага ладу, то цалкам лагічнай мне падаецца задача па высвятленні рэальнага становішча. Хай нават і з мэтай пераследу ініцыятараў. З пункту гледжання грамадзянскай супольнасці, на маю думку, гэта яшчэ больш важна. Для таго, каб разумець хто якую ролю грае і ў чые вароты вядзе гульню. Гэта важна для ўзаемнага даверу”.

Вялікае месца ў дакладзе Царыка і Сівіцкага займае тэма дэзінфармацыі кіраўніка Беларусі аб падзеях у краіне. Даклады і прагнозы, найперш, КДБ і МУС, не толькі былі малаінфарматыўнымі, але і будаваліся на “расійскіх крыніцах”, кажа Юрый Царык.

Юрый Царык: “Сапраўды, уся тая карціна, якую выдаваў КДБ, не толькі абгрунтоўвала важную ролю КДБ і МУС у забеспячэнні палітычнай стабільнасці Беларусі, але і паўтарае тэзісы расійскай прапаганды. А гэта таксама патрабуе сур’ёзнага аналізу і высвятлення таго, што ж на самой справе адбылося на дзяржаўным узроўні”.

А на “дзяржаўным узроўні”, нагадвае наш суразмоўца, адбыліся такія “спрэчныя” падзеі, як распачатая спецслужбамі “справа Белага легіёна”, сумнеўны прарыў джыпа праз беларуска-украінскую мяжу і іншыя падзеі, якія “ўзнімалі градус” напружанасці ўнутры краіны. Таму, маўляў, і рашэнні прымаліся даволі радыкальныя: арышты і разгон мірнай акцыі.

Але гэтая іх выснова, упэўнівае Царык, не азначае, што ў нас “цар добры”.

Юрый Царык: “Калі “баяры” дрэнна спрацавалі, гэта не азначае, што “цар” добры. Мы такога не сцвярджаем і не збіраліся. “Цар” жыве сваім жыццём і абмеркаванне яго і ўсёй сістэмы ўлады вартае асобнага аналізу. Тут гаворка ідзе пра эфектыўнасць сістэмы дзяржкіравання ва ўнутрыпалітычнай сферы. І ў тым ліку, такога элемента гэтай сістэмы, як сілавыя структуры. Якія, па ідэі, павінны быць аддзеленыя ад унутранай палітыкі, але якія ў нас з’яўляюцца актыўным суб’ектам унутрыпалітычнага поля”.

Тым не менш, эксперт не выключае: такія дзеянні сілавых структур па дэзінфармацыі кіраўніка краіны і грамадзян Беларусі пра падзеі лютага-сакавіка 2017 года маглі быць справакаваныя як “расійскімі агентаў у сілавых структурах Беларусі”, так і кіраўніцтвам КДБ і МУС ― каб прадэманстраваць сваю значнасць.

 

Цалкам размову з Юрыем Царыкам можна паслухаць тут: