Букмекеры: БАТЭ пераможа “Дэбрэцэн”, але ў плэй-оф не пройдзе

Букмекерскія канторы ставяць на перамогу БАТЭ ў матчы з “Дэбрэцэнам”, але лічаць, што больш шанцаў на выхад у плэй-оф мае венгерская каманда. Каэфіцыент на перамогу барысаўчан — 1,65, на нічыю — 3,50, а шанцы на поспех гасцей ацэньваюць як адзін да 5,50. Між тым, аматары таталізатараў лічаць, што з большай верагоднасцю ў наступны этап выйдзе акурат “Дэбрэцэн”. Каэфіцыент тут 1,65. А вось шанцы БАТЭ ацэньваюцца як адзін да 2,15.

Нагадаем, гульня ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў адбудзецца сёння на “Барысаў-арэне”, пачатак у 20.30. На матч прададзеныя ўсе квіткі. Тэлетрансляцыя гульні запланаваная ў жывым эфіры на тэлеканале “Беларусь-5”.

У першай сустрэчы беларусы прайгралі ў гасцях 0:1, таму для выхаду ў плэй-оф неабходная толькі перамога з розніцай у 2 мячы. Калі асноўны і дадатковы час скончыцца з лікам 1:0 на карысць гаспадароў, то мацнейшы вызначыцца ў серыі пенальці.

Напярэдадні гульні, форвард “Дэбрэцэна” Петар Сакай выказаў упэўненасць, што венгерскі клуб здолее прайсці БАТЭ.

“Нам не будзе лёгка ў сустрэчы ў адказ. Усё могуць вырашыць нюансы. Так, у нас ёсць перавага перад матчам, але ацэньваю шанцы каманд на выхад у наступны этап як 50 на 50. У хатнім матчы мы адчулі сілу БАТЭ і цяпер нам неабходна думаць, як стрымаць ціск саперніка. У той жа час, мы ведаем, што можна чакаць ад барысаўчан. І ўпэўнены, зможам прайсці БАТЭ”, — прыводзіць словы нападаючага by.tribuna.com.

У сваю чаргу старшы трэнер барысаўчан Аляксей Бага мяркуе, што БАТЭ захоўвае дастаткова вялікія шанцы на выхад у плэй-оф.

“Цяпер хлопцы ўжо на сваім вопыце адчулі, што сабой уяўляе “Дэбрэцэн”, і, зразумела, поўныя жадання прабіцца ў наступную стадыю. Траўмаваных у нас няма, настрой баявы. І шанцы на працяг барацьбы ў Лізе чэмпіёнаў, лічу, у БАТЭ досыць вялікія. Мінімальнае паражэнне ў гасцях яшчэ ні пра што не кажа”, — адзначыў Бага.

Фота — Fotolia, БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі