Бубнач Blur завязвае з музыкай

Падобна, што ўз'яднальныя планы Blur так і абмяжуюцца жменькай выступаў летам гэтага года. Днямі бубнач гурта Дэйв Раўнтры заявіў, што не зможа прысвячаць сябе камандзе «на ўсе сто», паколькі ў яго цяпер іншыя прыярытэты. 44-гадовы музыка асвойвае прафесію юрыста, чым і мае намер зарабляць сабе на жыццё ў будучыні.

Згодна са словамі Дэйва, у цяперашні час ён праходзіць практыку ў адной з адвакацкіх кантор Лондану, куды вымушаны з'яўляцца як мінімум тры разы на тыдзень, каб прэтэндаваць на атрыманне тут месца. Бубнач прызнаецца, што яму будзе цяжка – а фактычна і немагчыма – сумяшчаць абедзве сферы дзейнасці.

«Мне адразу сказалі, што для атрымання працоўнай практыкі я павінен наведваць кантору як мінімум некалькі разоў у тыдзень, - кажа Раўнтры. – Цяпер я аддаю гэтаму тры дні ў тыдзень. Спадзяюся, што атрымаю тут сталую працу, калі вярнуся з тура Blur».

Нагадаем, што Дэйв Раўнтры таксама з'яўляецца адным з кандыдатаў ад лейбарысцкай партыі на атрыманне мандата ў Палаце абшчын брытанскага парламента па акрузе Вэстмінстэра.

На сёння ў канцэртным графіку Blur значацца пяць тэрмінаў: 26 чэрвеня ў Манчэстэры, 2 і 3 ліпеня ў лонданскім Гайд-парку плюс 11 і 12 ліпеня ў рамках фэстаў Oxegen і T In The Park адпаведна. Акрамя таго, фронтмэн каманды Дэйман Албарн пацвердзіў інфармацыю пра тое, што музыкі стануць хэдлайнерамі брытанскага Glastonbury (аб гэтым жа неафіцыйна заявіў і арганізатар фэсту Майк Івіс), аднак афіцыйнага анансавання гэтага выступу пакуль яшчэ не было.

Фота: www.nadiya.times.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі