Больш за 30 чалавек пакінулі ўрад Брытаніі праз недавер да прэм'ера

Борыс Джонсан / Reuters
Борыс Джонсан / Reuters

6 ліпеня ўрад Вялікабрытаніі пакінулі 34 чалавекі. Гэта кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, а таксама парламенскія сакратары — дэпутаты, якія бяруць удзел у працы ўрада не лічачыся яго членамі. Прычына — страта даверу да прэм'ер-міністра краіны Борыса Джонсана.

Першымі свае паўнамоцтвы склалі міністр аховы здароўя Саджыд Джавід і канцлер казначэйства Рышы Сунак — гэта здарылася ўвечары 5 ліпеня. Жэст абодвух быў звязаны з прызначэннем Джонсанам на ўрадавую пасаду члена парламента Крыса Пінчара, абвінавачанага ў сексуальных дамагальніцтвах.

Па дадзеных BBC News, 6 ліпеня некалькі высокапастаўленых членаў урада павінны былі сустрэцца з Джонсанам і прасіць яго сысці ў адстаўку. Але прэм'ер-міністр заявіў, што не збіраецца пакідаць пасаду.

Галавасанне аб недаверу да Борыса Джонсана як да лідара Кансерватыўнай партыі і, як следства, прэм'ер-міністра дэпутаты парламента правялі яшчэ ў чэрвені. Тады нагодай стала правядзенне членамі ўрада вечарынак у разгар антыкавідных абмежаванняў. З невялікай перавагай, але прыхільнікі Джонсана перамаглі.

Па словах Саджыда Джавіда, справа не ў тым, як Джонсан спраўляецца з рэкордным ростам коштаў, брэксітам, энергетычным і іншымі крызісамі, якія скалынаюць Вялікабрытанію. А справа ў самім Джонсане.

"Грамадства чакае ад усіх нас — ад усіх нас — сумленнасці і прынцыповасці ва ўсім. Гэта не абстрактнае пытанне. [...] Эфектыўная дзейнасць урада патрабуе лаяльнасці і калектыўнай адказнасці, вядома, а я інстынктыўна камандны гулец і ў апошні год я цалкам засяродзіўся на эфектыўным кіраванні.Аднак у апошнія месяцы ўтрымацца на канаце паміж лаяльнасцю і прынцыповасцю стала немагчыма. Спадар спікер, я ніколі не стану рызыкаваць сваёй прынцыповасцю, — цытуе BBC прамову Джавіда, сказаную ў парламенце. — Я веру, што каманда раўняецца па капітану. Падзеі апошніх месяцаў зрабілі працу ў гэтай камандзе практычна немагчымай”.

Па правілах Кансерватыўнай партыі, наступнае галасаванне можа прайсці не раней чым праз год. Але супернікі Джонсана пагражаюць адмяніць гэтае правіла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі