Більярдыст без кія выйграў у цяперашняга чэмпіёна свету

Учора ў Кіеве стартаваў чэмпіянат свету па “Вольнай пірамідзе”, дзе беларускі школьнік Мінскага гарадскога вучылішча алімпійскага рэзерву абыграў цяперашняга чэмпіёна свету з Расіі Паўла Мехавова. Семнаццацігадовы Алег Рэчыц з глухой вёскі і без уласнага кія месяц таму заняў другое месца на чэмпіянаце Беларусі.
У кастрычніку Еўрарадыё размаўляла з Алегам Рэчыцам, яго бацькам (па сумяшчальнасці і трэнерам) і дырэктарам сельскай школы, у якой вучыўся юны більярдыст. Нагадаем, спартовец родам з пасёлку Інтэрнацыянальны Пружанскага раёна, дзе жыве ўсяго 50 чалавек. З верасня Алег Рэчыц вучыцца ў Мінскім гарадскім вучылішчы алімпійскага рэзерву.

У інтэрв’ю нашаму радыё ён расказаў, што не мае ўласнага кія, бо лішняй тысячы долараў у сям’і няма.

Алег Рэчыц (сын): "Зараз і сапраўды ў мяне няма кія. Я гуляю тым, які мне даў адзін украінскі майстар. З ім я выступаю на турнірах."

Беларускую каманду на чэмпіянаце свету па “Вольнай пірамідзе” прадстаўляюць шэсць більярдыстаў, але пакуль самую удалую гульню прадэманстраваў Алег Рэчыц. Учора ён гуляў з цяперашнім чэмпіёнам свету Паўлам Мехавовым, які спачатку выйграваў сустрэчу з лікам 3:0, але пасля саступіў Алегу 3:5.

Бацька Алега застаўся ў Беларусі, але пастаянна тэлефануе сыну. Рабіць нейкія прагнозы ён не спяшаецца, кажа, што нават выйгрыш у чэмпіёна не дае 100% гарантыі заняць яго месца.

Алег Рэчыц (бацька):
Я падрабязней магу расказаць толькі тое, што 3:0 ён яму прайграваў, Пашу Мехавову з Арэнбурга. Потым узяў перапынак - тайм-аўт. І паціху пяць запар выйграў, і перамог 5:3. Шанцы на перамогу ёсць заўсёды, а вось ці ўсё складзецца і супадзе… Зараз ён будзе іграць з Нудаісавым.

Алегу-малодшаму трэба яшчэ ўдала правесці 4 сустрэчы, і тады можна разлічваць на тытул чэмпіёна. Галоўнае, па словах бацькі, зараз не вылецець з гульні. Факт, што сын перамог Паўла Меховава, надае Алегу Рэчыцу больш упэўненасці.

Алег Рэчыц (бацька): Справа ў тым, што ўжо гуляюць на стадыі 1/32: прайграў – значыць паедзеш да хаты. Для таго каб стаць чэмпіёнам свету, трэба выйграць усяго толькі чатыры гульні. Вось калі ён выйграе чатыры гульні, тады стане чэмпіёнам свету. Калі выйграе тры, тады будзе ў тройцы, дзве – у васьмёрцы, а калі менш – у шаснаццатцы.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі