БГК імя Мяшкова выйшаў у фінал кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
6-7 верасня ў брэсцкім палацы спорту “Вікторыя” праходзіць кваліфікацыйны турнір мужчынскай гандбольнай Лігі чэмпіёнаў.
У рамках “фіналу чатырох” за адзіную пуцёўку ў групавы турнір чэмпіёнскай лігі спрачаюцца Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова, славацкі “Татран”, сербская “Вайводзіна” і галандскі “Таргас Бева”.
У першы гульнявы дзень, 6 верасня, адбыліся паўфінальныя паядынкі. Славацкі “Татран” з лікам 25:21 абыграў сербскую “Вайводзіну”. БГК у сваю чаргу не пакінуў шансаў галандскай камандзе “Таргас Бева”. Усе пытанні па выніку паядынку былі знятыя ўжо пасля першага тайма, калі брэстаўчане выйгравалі з розніцай у дзесяць мячоў — 18:8. Да фінальнай сірэны перавага дасягнула трынаццаці мячоў — 36:23.
7 верасня ў матчы за трэцяе месца сустрэнуцца “Вайводзіна” і “Таргас Бева” — пераможца працягне выступ у Кубку ЕГФ, няўдачнік увогуле пакіне еўракубкі.
За адзіную пуцёўку ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў пазмагаюцца БГК імя Мяшкова і “Татран”. Пераможца гэтага матчу ў асноўным раўндзе згуляе з нямецкім “Кілем”, македонскім “Металургам”, харвацкім “Заграбам”, іспанскім “Лагронья” і французскім ПСЖ, інфармуе БелаПАН.