Вы тут

Без намёкаў. Як Гітлер без адзінага стрэлу забраў Чэхаславакію

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і іншымі краінамі АДКБ выпадковыя / Еўрарадыё 

Дыктатар захацеў захапіць іншую краіну — і ён гэта зрабіў. Без адзінага стрэлу і нават са згоды “калектыўнага Захаду”. 

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як Гітлер забраў сабе Чэхаславакію і ніхто яму ў гэтым не перашкодзіў. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і іншымі краінамі АДКБ выпадковыя.

Мюнхен-1938

У сакавіку 1938 года Адольф Гітлер пачаў рэалізоўваць свае планы па-за межамі Германіі: уключыў у яе склад сваю родную Аўстрыю. Але гэтага аказалася яму недастаткова — неўзабаве ён прыгразіў уварваннем у Чэхаславакію. 

Нагодай стала нібыта дыскрымінацыя немцаў у Судэцкай вобласці. Афіцыйныя Лондан і Парыж баяліся вайны, якая магла ахапіць усю Еўропу, і наіўна меркавалі, што Гітлер супакоіць свае апетыты, калі атрымае частку Чэхаславакіі. Гэтай версіі сёння прытрымліваецца большасць гісторыкаў.

У выніку 30 верасня 1938 года ў Мюнхене падпісалі пагадненне, якое фактычна дазволіла Гітлеру пачаць ажыццяўляць план па захопе Усходняй Еўропы. 

Падпісанты пагаднення

У падпісанні пагаднення прымалі ўдзел прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Чэмберлен, прэм'ер-міністр Францыі Даладзье, лідар фашысцкай Італіі Мусаліні і лідар нацысцкай Германіі Гітлер. Імі было замацавана далучэнне Судэцкай вобласці да Германіі. Чэхаславакію, якой гэтая тэрыторыя належала, на падпісанне… не запрасілі. 

Пагадненне прадугледжвала, што Чэхаславакія на працягу дзесяці дзён вызваліць і саступіць Германіі Судэцкую вобласць. Пад ціскам Польшчы і Венгрыі да Мюнхенскага пагаднення дадалі наступнае: Чэхаславакія адмовіцца ад тэрытарыяльных спрэчак з гэтымі краінамі. Прэзідэнт Чэхаславакіі Эдвард Бенеш умовы гэтага пагаднення… прыме.

Правал палітыкі калектыўнай бяспекі 

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца пра гэтае пагадненне. Што гэта было: спроба прадухіліць вайну ці безнадзейны манеўр, які меў цяжкія наступствы?  Пагаджаюцца яны ў адным: гэта сталася моцным ударам па Версальскай сістэме, які разбурыў парадак, што ўсталяваўся пасля Першай сусветнай вайны. 

“Мюнхенскія пагадненні” — правал палітыкі калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Ён меў глабальныя наступствы, а менавіта — умацаванне нацысцкай Германіі ў Еўропе і прыгнёт нацыянальных меншасцяў. Што да габрэяў Чэхаславакіі, то для іх нацысцкая палітыка азначала амаль поўнае пазбаўленне правоў, а пасля і фізічнае знішчэнне. 

Польскія танкі ўваходзяць у Цешынскую вобласць

Падзел Чэхаславакіі зрабіў магчымай анексію рэгіёнаў іншымі краінамі праз рэальнае ці выдуманае дамінаванне ў іх нацыі. Так, Цешынская вобласць адышла Польшчы, Венгрыя змагла часткова заняць тэрыторыі Украіны і Паўднёвай Славакіі, Мемельскі край быў таксама заняты немцамі.

Ці магла “палітыка прымірэння” дапамагчы пазбегнуць вайны?

Гісторыкі лічаць, што Вялікабрытанія пайшла на пагадненне, бо не хацела рызыкаваць ваенным канфліктам, а Францыя — і без таго яшчэ не ачуняла ад Першай сусветнай. Увосень 1938 года Еўропа жыла акурат чаканнем вайны. І пагадненне грамадзяне Вялікабрытаніі і Францыі напачатку сапраўды сустрэлі як дыпламатычную перамогу. 

У сакавіку 1939 года Гітлер не спыніўся на Судэцкай вобласці і заняў рэшткі тэрыторыі Чэхаславакіі. Чаму ж чэхі не аказалі супраціву? Чэшскія гісторыкі адказваюць, што Чэхаславакія была пазбаўленая падтрымкі хаўруснікаў, таму разумела, што спроба супраціву немцам у кожным разе прывяла б да правалу.

Што адбылося ў верасні 1939 года, мы і так ведаем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.