Беспілотнік атакаваў хімічны завод у Бранскай вобласці Расіі
Аб'екты ў Расіі былі атакаваныя беспілотнікамі самалётнага тыпу, ілюстрацыйнае фота
Мінабароны Расіі паведамляе пра чатыры ўкраінскія беспілотнікі, якія мінулай ноччу спрабавалі "здзейсніць тэрарыстычную атаку" па аб'ектах на тэрыторыі Расіі. Дроны былі знішчаныя над тэрыторыяй Маскоўскай, Тамбоўскай, Бранскай і Арлоўскай абласцей. Падрабязнасці інцыдэнту ў Бранскай вобласці паведамляе рэсурс Baza. Тут каля цэха Бранскага хімічнага завода імя 50-годдзя СССР, які будаваўся, быў "знойдзены неразарваны беспілотнік самалётнага тыпу з выбуховым рэчывам". Пры гэтым "дах цэха быў прабіты ў трох месцах".
А ўкраінскі рэсурс УНІАН публікуе відэа беспілотніка ў палёце і сцвярджае, што гэта робат, які ляціць у бок горада Каломна ў Маскоўскай вобласці. "Кажуць, што раніцай там нешта бабахала ў раёне "КБ Машынабудаванне", адзначае ўкраінскае інфармагенцтва. Гэтае КБ з'яўляецца адным з вядучых расійскіх канструктарскіх і навукова-вытворчых цэнтраў у галіне ваеннай тэхнікі. Тут распрацоўваліся, сярод іншага, аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы "Ака", "Кропка-У", "Іскандэр", Іскандэр-М", "Іскандэр-Э".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.