Беніта Ферэра-Вальднэр не магла прыехаць у Беларусь з-за ад'езду Лукашэнкі

Камісар па вонкавых сувязях і палітыцы добрасуседства Еўрасаюза Беніта Ферэра-Вальднэр не толькі планавала, але і жадала прыехаць у Беларусь. Пра гэта яна паведаміла 7 траўня на прэс-канферэнцыі ў Празе. Па словах еўракамісара, за два дні да запланаванага візіту ў тэлефоннай гутарцы яе папярэдзілі, што беларускі прэзідэнт не зможа яе прыняць, бо паляцеў у Арменію.

Як нагадвае БелаПАН, візіт Ферэра-Вальднэр планаваўся на 12 і 13 сакавіка. Пра яго перанос было абвешчана 11 сакавіка — у дзень, калі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з працоўным візітам у Арменію.

7 траўня ў Празе еўракамісар сустрэлася з беларускай дэлегацыяй на саміце палітыкі "Усходняга партнёрства". Па словах Ферэра-Вальднэр, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі запэўнілі яе, што Лукашэнка цалкам падтрымлівае магчымасць пачаць супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

Пры гэтым еўракамісар падкрэсліла, што супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю ў рамках Усходняга партнёрства на сённяшні дзень магчымае толькі на шматбаковай аснове. Яна лічыць неабходным выкананне пяці патрабаванняў Еўрасаюза: рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабоды аб'яднанняў, стварэнне ўмоваў для дзейнасці недзяржаўных арганізацыяў, свабода прэсы, здыманне абмежаванняў для свабоды асобы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі