Беларусы трэці месяц праядаюць валютныя заначкі, а Нацбанк папаўняе імі рэзервы

У жніўні і верасні беларусы здавалі больш чым па $1 млрд / Reuters
У жніўні і верасні беларусы здавалі больш чым па $1 млрд / Reuters

У верасні фізічныя асобы купілі замежнай валюты на $836 млн, а прадалі на $183 млн больш — $1019 млн. Другі месяц запар беларусы прынеслі ў абменнікі больш за $1 млрд і трэці месяц прадаюць больш валюты, чым купляюць.

Белорусы третий месяц проедают валютные заначки, а Нацбанк пополняет ими резервы
Купля і продаж замежнай валюты фізічнымі асобамі / Кошт Урада

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, чаму людзі і далей будуць здаваць валюту і як гэта адбіваецца на золатавалютных рэзервах.
 

Людзі працягнуць бяднець

Беларусы дасталі валютныя заначкі, таму што пачалі бяднець і цяпер спрабуюць падтрымаць узровень жыцця, да якога прывыклі, расказвае эканаміст, кіраўнік праекта "Кошт Урада" Уладзімір Кавалкін. Так адбываецца з некалькіх прычын.

— Першая — гэта інфляцыя, якая ўзрасла да 10,2% гадавых. Гэта афіцыйныя звесткі, а рэальныя звесткі будуць вышэйшыя, таму што ў нас частка цэн адміністрацыйна рэгулюецца. У сувязі з гэтым маніторынг цэн адбываецца ў тым ліку па рэгуляваных. А прадпрыемствы паводзяць сябе хітра: пагаршаюць якасць, змяняюць упакоўку. І той самы тавар пачынаюць прадаваць даражэй. Гэта значыць, хутчэй за ўсё, інфляцыя вышэйшая, — адзначае эксперт.

Другая прычына — не растуць рэальныя даходы.

— Адпаведна, каб захаваць той узровень жыцця і спажывання, які быў раней, людзям даводзіцца залазіць у адкладзеныя грошы і здаваць валюту.

Для Нацбанка момант склаўся ўдалы. Бо валюту, якую здаюць людзі, ён можа купіць і пакласці ў золатавалютныя рэзервы. Прычым выдаткаваць не занадта шмат рублёў, бо курс беларускага рубля ўмацоўваецца з пачатку года.

Так, у верасні Нацбанк выплаціў знешніх і ўнутраных даўгоў на $240 млн, а ЗВР знізіліся толькі на $36,8 млн.

Белорусы третий месяц проедают валютные заначки, а Нацбанк пополняет ими резервы
Золатавалютныя рэзервы па месяцах у 2021 годзе / Кошт Урада

— Умацаванне рубля звязанае не толькі з тым, што людзі дасталі заначкі. У кастрычніку плацяцца квартальныя падаткі. І многія прадпрыемствы трымаюць рэзервы ў цвёрдай валюце. Калі трэба плаціць падаткі, яны гэтую валюту прадаюць, купляюць рублі і плацяць падаткі.

На думку эксперта, людзі будуць бяднець і прадаваць больш валюты, чым купляць. Тым больш пакуль для гэтага ёсць магчымасці, бо за дзевяць месяцаў 2021 года беларусы вынеслі з банкаў валютных укладаў на $770 млн.

Затое прадпрыемствы не будуць здаваць валюту да студзеня 2022 года, калі зноў прыйдзе час плаціць квартальныя падаткі.
 

Запасы пакуль што будуць стабільныя, але трэнд пагрозлівы

Уладзімір Кавалкін адзначае, што пакуль Нацбанк купляе валюту і ЗВР стаяць на месцы. Далей памер ЗВР будзе залежаць ад прытоку валюты ў краіну і таго, як будуць працаваць санкцыі.

Белорусы третий месяц проедают валютные заначки, а Нацбанк пополняет ими резервы
Нацыянальны банк / Еўрарадыё

— У нас пачалося моцнае скарачэнне рабочых месцаў. Гэта азначае, што беларусы паедуць на заробкі за мяжу. І яны будуць адпраўляць валюту сваім сваякам у Беларусь. Таму цалкам магчыма, што за кошт гэтага нейкі прыток валюты будзе і фізічныя асобы і далей будуць здаваць валюту.

Затое прадпрыемствы наўрад ці змогуць зарабляць і здаваць валюту, як раней.

— Калі глядзець агульны трэнд, то ён пагрозлівы. Таму што санкцыі павінны спрацаваць, экспарт павінен упасці і праблемы павінны быць. Але як гэтыя санкцыі спрацуюць, наколькі хутка гэта адбудзецца, гаварыць складана. Таму што сітуацыя вельмі дынамічная.

Тым больш у нас улады кожны тыдзень здзяйсняюць нейкія неардынарныя неабдуманыя ўчынкі, якія могуць перавярнуць сітуацыю з ног на галаву. Таму даваць прагноз больш, чым на пару месяцаў, можа толькі варажбітка. Але ў кароткатэрміновым перыядзе сітуацыя з рэзервамі захаваецца, — рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі