Беларусы патрабуюць аднавіць ордэн Кастуся Каліноўскага

Беларусы патрабуюць аднавіць ордэн Кастуся Каліноўскага

На сайце petitions.by з'явілася петыцыя, якая патрабуе аднавіць у Беларусі ордэн Кастуся Каліноўскага. Адрасатам звароту пазначаная Палата прадстаўнікоў.

Аўтары петыцыі нагадваюць, што ордэн Кастуся Каліноўскага быў заснаваны ў Беларусі ў 1995 годзе. Аднак у 2004 годзе яго скасавалі, бо падставы для яго ўручэння фактычна дубляваліся з ордэнам "За асабістую мужнасць".

"Гістарычныя заслугі Кастуся Каліноўскага палягаюць у тым, што сваю асабістую мужнасць ён накіроўваў на барацьбу за сацыяльную справядлівасць, абарону правоў і свабод простых людзей, умацаванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Адпаведныя высокія чалавечыя дасягненні ў Законе "Аб дзяржаўных узнагародах" бессістэмна раскіданыя па розных артыкулах: дасягненні ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека чамусьці ўшаноўваюцца ордэнам Дружбы народаў, у справе ўмацавання абароназдольнасці — ордэнам Працоўнай славы, а ўмацаванне незалежнасці і суверэнітэту ўзнагароджваецца толькі званнем "Герой Беларусі" ў выпадку здзяйснення подзвігу", — падкрэсліваюць аўтары петыцыі.

Яны лічаць, што імя Кастуся Каліноўскага вартае асобнай узнагароды. Таму прапануюць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў скарыстацца парвам заканадаўчай ініцыятывы i прыняць адпаведны закон.

22 лістапада на віленскіх могілках Росы будуць перапахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў па паўстанні 1863-1864 гадоў. Шэраг прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перапахаваць Каліноўскага ў Беларусі. Зварот выклікаў шырокае абмеркаванне. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі