Беларускiя праваабаронцы выступiлi супраць мiграцыйнай заявы Партыі БНФ

Беларускiя праваабаронцы выступiлi супраць мiграцыйнай заявы Партыі БНФ

Маладыя беларускія праваабаронцы абнародавалі адкрыты ліст у адказ на заяву партыі БНФ па пытанні бежанцаў і мігрантаў. Пад ім падпісаліся Аляксей Казлюк, Наста Лойка, Ганна Бараноўская, Валдзіс Фугаш, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Як паведамлялася раней, заява Сойма Партыі БНФ была прынятая 19 сакавіка 2016 года. У ёй партыя звярнулася да ўрада з патрабаваннем абмежаваць плынь мігрантаў з Сірыі ў Беларусь. У Партыі БНФ палічылі недапушчальным масавае прыняцце эканамічных мігрантаў “з іншага цывілізацыйнага кола”.

Партыю БНФ занепакоіў прыток у Беларусі мігрантаў з Сірыі

Праваабаронцы заявілі, што не могуць абыякава ставіцца да такіх заклікаў, бо лічаць, што пытанні міграцыйнай палітыкі і гарантыі прытулку з’яўляюцца грамадска значнымі і заслугоўваюць шырокага абмеркавання. "Мы таксама не прымаем любое адмаўленне фундаментальных правоў і дыскрымінацыі асобных групаў замежнікаў", — падкрэсліваюць яны.

Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь гістарычна склалася як шматэтнічная і шматкультурная краіна. "Што сапраўды варта прызнаць, гэта наяўнасць “розных цывілізацыйных колаў”, паміж якімі цяжка наладзіць дыялог. Вось толькі для нас іншае цывілізацыйнае кола палягае там, дзе людзей пачынаюць дзяліць на правільных і няправільных паводле іх паходжання, культуры, рэлігіі і мовы, адмаўляючы ў фундаментальных правах чалавека", — гаворыцца ў адкрытым лісце.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што аднаразовая дапамога бежанцам складае адну базавую велічыню (210 тысяч рублёў на цяперашні момант) пры звароце па гэты статус, і столькі ж — пры яго атрыманні. "Адразу ж дакладна гэтую суму трэба заплаціць у бюджэт за рэгістрацыю па месцы жыхарства, а яшчэ набыць абавязковую медыцынскую страхоўку. Дадаткова спецыяльная камісія можа выдаткаваць сродкі на праезд, пражыванне і харчаванне тых, хто звяртаецца па статус бежанца, але толькі тады, калі ў іх зусім няма сродкаў на існаванне. Гэта таксама зусім невялікая сума, асабліва ў параўнанні з тымі сродкамі, якія беларускі ўрад атрымлівае па праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, у тым ліку і па лініі УВКБ ААН".

Цяпер у Беларусі 927 чалавек маюць статус бежанца. Прычым за 10 апошніх гадоў (2006-2016) іх стала больш усяго на 137 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі