Беларускія музыкі патрапілі ў энцыклапедыю

Днямі музычны крытык Зміцер Падбярэзкі нарэшце выдаў вынік сваёй амаль шасцігадовай працы – “Энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі”. Праўда, сам аўтар кажа, што па форме гэта не энцыклапедыя ў звыклым выглядзе, а энцыклапедычны даведнік. У якім, па словах аўтара, сабраныя звесткі аб 570-ці калектывах, гуртах і выканаўцах, што працуюць ці працавалі ў самых розных стылях – ад джазу да рок-н-ролу і электроннай музыкі. Праўда, як расказаў Еўрарадыё аўтар даведніка, не толькі назва, але і звыклае для нас разуменне выразу “папулярная музыка” не адпавядае тэрміну “папса” і напісана тут не толькі і не столькі пра яе.

Зміцер Падбярэзкі: “Тут прадстаўлены і рок-музыка, і джаз, і розная альтэрнатыўная музыка, фолк-мадэрн. І, зразумела, людзі, якія працуюць на гэтую музыку – прадзюсары, кампазітары, паэты, гукарэжысёры, менеджэры і г.д. Гэта па асобах, а па калектывах поўнай яна быць прынцыпова не можа, бо межаў няма гэтаму. Я дасягнуў той колькасці калектываў і асобаў, якой можна было дасягнуць цягам гэтага часу. З дапамогай, канешне, іншых людзей, бо гэта не толькі мой праект”.

Што тычыцца крытэрыяў адбору тых, хто патрапіў у даведнік, то, па словах аўтара, іх было тры – перамога на конкурсе, не ніжэйшы за рэспубліканскі, выдадзены фабрычным чынам хаця б адзін трэк і тэрмін працы на сцэне, не меншы за 5 гадоў. Пачынаецца ж “беларуская папулярная музыка”, на яго думку, з 1939 года.

Зміцер Падбярэзкі: “Для сябе я вызначыў тое, што можна называць папулярнай музыкай у шырокім значэнні ў Беларусі, 39 годам. Калі быў створаны дзяржаркестр Беларусі. Раней, канешне ж, былі калектывы і былі людзі, якія выконвалі папулярную музыку, але некай канкрэтыкі зараз не адшукаць. Я гартаў газеты 30-х гадоў. У лепшым выпадку ўзгадваецца, што грае джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Шварца. Усё. Ні складу, ні інструментаў – нічога такога няма. Таму, калі казаць пра часавы адрэзак, то гэта 39 год і па сённяшні дзень”.

Аўтар кажа, што ніякіх асабістых сімпатый падчас складання энцыклапедычнага даведніка ён не выказваў. Калі казаць пра музыкаў сучасных, то яны самі давалі пра сябе інфармацыю. І калі хтосьці туды не патрапіў, то часцей з уласнай віны, бо не захацелі напружвацца і запаўняць прапанаваную ім анкету. Даведнік выйшаў накладам у 2 тысячы асобнікаў. Выданне каштавала каля 8,5 тысяч долараў, якія знайсці аўтару каштавала вялікіх намаганняў. Але ўжо зараз крытык ўзяўся за складанне новай версіі даведніка. Пашыранага і ўдакладненага.

Аляксандр Куллінковіч, лідэр гурта “Нейра Дзюбель” звесткі пра які таксама змешчаныя ў гэтым даведніку, кажа, што Зміцер Падбярэзкі зрабіў вялізную і вельмі патрэбную працу. Як для саміх гуртоў і выканаўцаў, так і для прыхільнікаў іх творчасці.

Аляксандр Куллінковіч: “У любой нармальнай краіне лёгка знайсці патрэбную інфармацыю пра гурты і музыку ўвогуле, якая існуе ў гэтай краіне. У нас жа прыхільнікі гурта N. ведаюць пра гурт N. з сайтаў ці нейкіх часопісаў. Прыхільнікі гурта X. ведаюць усё пра гэты гурт. Але звычайнаму чалавеку, які не з’яўляецца зацятым фанатам канкрэтнага гурта, цяжка знайсці інфармацыю пра калектыў, які ён, да прыкладу, выпадкова пачуў па тэлевізары. Альбо калі хто хоча проста даведацца, ці ёсць у Беларусі электронная музыка. Такія выданні вельмі патрэбныя і вельмі карысныя. І іх павінна быць шмат”.

Не менш высока ацаніў працу аўтара “Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі” і заснавальнік ды арганізатар “Рок-каранацыі” Юрый Цыбін.

Юрый Цыбін: “Менавіта такія выданні Беларусі вельмі патрэбныя. Не было яшчэ, каб у гэтай сферы нешта такое фундаментальнае рабілася. Я ведаю, як Зміцер працаваў над гэтай кнігай. Ён падыйшоў вельмі сур’ёзна і працаваў не адзін, там некалькі складальнікаў. І на першы мой погляд, гэта вельмі саліднае выданне. Для мяне, прынамсі, гэта вельмі практычны зборнік. Бо там ёсць каардынаты, тэлефоны, мэйлы гуртоў і выканаўцаў”.

Як стала вядома Еўрарадыё, напачатку чэрвеня ў закусачнай “Графіці” пройдзе прэзентацыя энцыклапедычнага даведніка “Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі”. Але ў кнігарнях Мінска набыць яго можна ўжо зараз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі