Беларускі ўрад асцерагаецца праблем з выплатай знешніх пазыкаў

Беларусь дамаглася права ў 2015 годзе пакінуць у сваім бюджэце 1,5 мільёна долараў вывазнога экспартнага мыта на нафтапрадукты з расійскай нафты. Гэтыя сродкі планавалася накіраваць на выплату знешняй дзяржаўнай пазыкі. У выніку запланаванага Расія падатковага манеўра, паводле ацэнкі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, страты краіны могуць перавысіць 1 мільярд долараў.

Як падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы беларускага ўраду, на якое спасылаецца РИА Новости, выплата знешніх пазыкаў з’яўляецца прыярытэтам на 2015 год, ужо вызначаныя крыніцы пагашэння. Але “вялікі падатковы манеўр Расіі” можа ўскладніць гэтую задачу. Раней паведамлялася, што на выплату і абслугоўванне знешняй дзяржаўнай пазыкі ў 2015 годзе плануецца накіраваць 4 мільярды долараў.

Паводле інфармацыі прэс-службы, у пятніцу Савет міністраў разгледзеў праект прагнозу развіцця Беларусі на 2015 год. Прырост ВУП плануецца на ўзроўні 2-2,4%, экспарту — на 4,1-4,5%. Інфляцыя не павінна перавысіць 12%.
 
Беларусь штогод пералічвае ў расійскі бюджэт каля 4 мільярдаў долараў мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з пастаўленай бязмытна расійскай нафты. Урад Расіі распрацаваў законапраект аб падатковым манеўры ў нафтавай галіне, які прадугледжвае паступовае зніжэнне экспартнага мыта на нафту з перакладваннем фіскальнай нагрузкі на здабычу.

Для кампенсацыі стратаў беларускі бок хоча цалкам пакідаць у сваім бюджэце экспартнае мыта на нафтапрадукты з расійскай сыравіны да 2017 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі