Беларускі добраахвотнік расказаў пра сваё пятае раненне на вайне ва Украіне

Дзяніс Урбановіч

Дзяніс Урбановіч / t.me/dzianisurbanovich/

Беларускі добраахвотнік батальёна "Волат" палка Каліноўскага Дзяніс Урбановіч ("Ваўкалак") расказаў "Нашай ніве" пра сваё пятае раненне на вайне ва Украіне. Ён быў паранены 10 верасня каля Кляшчэеўкі на поўдзень ад Бахмута. З-за чарговай кантузіі Урбановіч зноў пачаў чуць толькі праз тыдзень.

Група беларусаў і ўкраінцаў, якой камандаваў Дзяніс Урбановіч, штурмавала расійскія акопы і захапіла іх. Пасля гэтага пачаўся моцны абстрэл. Аскепак снарада трапіў Урбановічу ў руку з унутранага боку побач з артэрыяй. Яму ўдалося спыніць кроў і застацца ў баі. Ад больш сур’ёзных раненняў байца ўратавала амуніцыя. Дзякуючы ёй, адзін з аскепкаў застаўся ў бронекамізэльцы. Ад яшчэ некалькіх засталіся драпіны і сінякі.

"Я ўжо думаў, што не выйду адтуль, — прызнаецца Дзяніс. — Думаў, што расіяне кінуцца на нашы пазіцыі і нас перастраляюць, але нам удалося адбіцца. Тых, каго кінулі нас атакаваць, мы знішчылі. Іх было з дзясятак. Пазіцыю мы ўтрымалі. Задачу выканалі".

У тым баі былі параненыя яшчэ некалькі байцоў групы.

У адваяваных акопах пад Кляшчэеўкай ляжала шмат забітых расійскіх салдат. Гэта і былыя зняволеныя-вагнераўцы, якія падпісалі кантракты з Мінабароны РФ, і мабілізаваныя ў "ДНР" і "ЛНР". "Я б не сказаў, што супраць нас ваююць дэбілы, — кажа баец. — У іх разумна расстаўленыя пазіцыі. Калі ідуць у бой, то ведаюць, што робяць".

У шпіталі Дзянісу Урбановічу дыягнаставалі моцную кантузію: яму парвала барабанную перапонку правага вуха, а левае аглушыла. Слых ужо вярнуўся. Добраахвотнік працягвае залечваць аскепачнае раненне рукі. 21 верасня лекары дазволілі яму лячыцца ў хатніх умовах.

"Кантузія ў мяне не першая, і вушы мае дужа нацярпеліся, — расказвае Урбановіч. — Дактары сказалі, што трэба месяцы паўтара мне быць у цішы. Ніякай страляніны".

Дзяніс Урбановіч кажа, што вайсковае кіраўніцтва падзякавала яго групе за тую штурмавую аперацыю. Тады ўдалося прасунуцца наперад на 500 метраў. Пра вызваленне Кляшчэеўкі ўкраінскі Генштаб паведаміў 17 верасня.

Дзянісу Урбановічу 34 гады. У Беларусі ён кіраваў "Маладым фронтам", яго неаднаразова затрымлівалі. Падчас рэпрэсій быў вымушаны выехаць за мяжу, ваюе з расійскімі акупантамі ўжо паўтара года. У канцы траўня 2022-га Урбановіч быў кантужаны, калі каліноўцы выконвалі баявую задачу на поўдні Украіны. Пэўны час правёў у шпіталі. У сярэдзіне снежня мінулага года ў яго руку патрапіў аскепак. У пачатку студзеня 2023-га добраахвотнік зноў быў паранены — на гэты раз кулявое раненне. У траўні Дзяніса Урбановіча паранілі ў Бахмуце.

У сакавіку сёлета Рада БНР узнагародзіла Урбановіча медалём "За баявыя заслугі".

Беларускі добраахвотнік расказаў пра сваё пятае раненне на вайне ва Украіне
t.me/dzianisurbanovich/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі