Вы тут

Беларусаў просяць узяць звярка з кантактавага заапарка, але аб'ява — фэйк

Кантактавы заапарк / tivali.by

У сацсетках актыўна шэрыцца допіс пра звяркоў з кантактавага заапарка, які закрываецца. Маўляў, іх выкінуць на вуліцу, калі тэрмінова не знайсці ім новы дом. Яе аўтары прапануюць бясплатна забраць пародзістых і дагледжаных трусоў, марскіх свінак, пацукоў. Беларусы — людзі спагадлівыя, таму актыўна рэпосцяць аб'яву: як жа пакінуць жывёл у бядзе? 

Аб'ява, якая набрала папулярнасць / vk.com

Вырашылі не заставацца ўбаку і журналісты Еўрарадыё. Толькі вось датэлефанавацца па паказаным нумары тэлефона аказалася проста немагчыма. Кароткія гудкі — і ніякага адказу. Што ж, можа быць, ахвотных дапамагчы аказалася настолькі шмат, што ўсіх звяркоў ужо разабралі, а дзяўчына, якая пакінула свой нумар, проста стамілася адмаўляць людзям?

Мы высветлілі, што гаворка ў абвестцы ідзе пра кантактавы заапарк у мінскім гандлёвым цэнтры "Цівалі".

— Гэта фэйк! У нас нават ніколі не было некаторых названых у аб'яве парод жывёл, — расказваюць там Еўрарадыё. — Але гэта не махлярства. Проста адбылося непаразуменне ў наведвальнікаў. Нашы работнікі не адпраўлялі такіх аб'яў, — тлумачыць адміністратар.

— Дык вы закрываецеся ці не? Калі так, то куды ўладкуеце жывёл?

— Гэта камерцыйная таямніца. Наконт гэтага ніякіх каментароў даць не магу!

Іншая крыніца паведаміла Еўрарадыё, што заапарк закрываецца з 5 красавіка. Жывёл, па яе словах, ужо ўладкавалі — так што за іх можна не перажываць. І аб'явы пра іх больш рэпосціць не варта.

Ці могуць такую аб'яву пакінуць махляры, якія наўмысна выклікаюць жаль у людзях, каб прымусіць іх патэлефанаваць па паказаным нумары? І наогул, ці рэальна ўкрасці вашы грошы, калі вы ўсяго толькі набераце чыйсьці нумар тэлефона?

Тэарэтычна — так, адказвае эксперт па інфармацыйнай бяспецы Аляксандр Сушко: "Такім чынам сапраўды могуць спісвацца грошы з рахунку. Але гэта залежыць ад канкрэтнага нумара тэлефона, яго трэба правяраць".

Таму раім быць асцярожнымі з такімі аб'явамі, якія вы бачыце ў сацсетках. Калі ўпэўненыя ў чалавеку, які пакінуў допіс, — смела тэлефануйце. А калі першы раз пра яго чуеце — магчыма, перад тым, як кідацца на выратаванне жывёл (раслін, людзей, планеты — патрэбнае падкрэсліць), варта зрабіць даведку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.