Беларусь і Кітай нарошчваюць ваеннае супрацоўніцтва

Кітай нарошчвае ваеннае супрацоўніцтва з Беларуссю, паведамляе сайт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў са спасылкай на расійскі партал “Новости ВПК”. Яшчэ ў красавіку буйная беларуская ваенная дэлегацыя наведала Кітай. Вяліся перамовы з прадстаўнікамі ваенна-паветраных сілаў, а таксама з 11 кампаніямі. Прадметам перамоваў стала нарошчванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Гаворка ішла пра мадэрнізацыю сістэмы кіравання і кантролю для ВПС, а таксама пра выпуск цяжкіх шасі для пускавых установак розных ракет.

На сёння Кітай збольшага незалежны ад Расіі, асабліва ў сферы радыёлакацыі. Прыкладна 10 год таму кітайская сістэма кіравання, кантролю, сувязі і выведкі ваенна-паветраных сілаў была створаная пры дапамозе Беларусі. Цяпер Мінск абяцае перадаць Пекіну шэраг іншых тэхналогій. Але пры гэтым беларускія чыноўнікі афіцыйна не каментуюць гэтае супрацоўніцтва.