БАЖ пракаментаваў прысуд Пачобуту

Тры гады ўмоўна з адтэрміноўкай прысуду атрымаў беларускі і польскі журналіст Андрэй Пачобут. Што азначае такі прысуд - пра гэта Еўрарадыё пагутарыла з намеснікам старшыні БАЖ, юрыстам Андрэем Бастунцом.


Еўрарадыё: Як вы можаце ацаніць прысуд, які сёння быў вынесены Андрэю Пачобуту?


Бастунец: "Па-першае, я цалкам згодны з прысудам у частцы артыкула 368, дзе гаворка ішла пра знявагу прэзідэнта – суд прызнаў Андрэя невінаватым ў гэтым злачынстве за адсутнасцю саставу злачынства. Я ўпэўнены, што гэта рашэнне аб'ектыўнае. Што тычыцца абвінавачванне прысуду па артыкуле 367 (гэта тры гады з адтэрміноўкай пакарання на два гады), то я тут магу толькі далучыцца да пазіцыі адваката, які збіраецца абскаржваць гэты прысуд. Я ўпэўнены, што ў артыкулах Андрэя не было паклёпу на прэзідэнта, а была цалкам дазваляльная крытыка".


Еўрарадыё: Тры гады з адтэрміноўкай азначае, што Пачобута могуць «закрыць», калі што?


Бастунец: "Так, калі ў Андрэя будзе адміністратыўнае правапарушэнне, не кажучы пра нейкае ўжо злачынства, то гэтая адтэрміноўка будзе скасаваная, пазбаўленне волі стане рэальным".


Еўрарадыё: Як на прысуд адрэагаваў абвінаваўца?


Бастунец: "За рэакцыяй пракурора, уласна кажучы, я не вельмі сачыў, але, мне здаецца, што ўсе трымалі сябе ў руках. Тут больш цікава рэакцыя тых 15 чалавек, якіх сагналі ў зал. У залу пусцілі толькі 7 чалавек сваякоў і знаёмых Андрэя, а ў самой зале ўжо сядзела 15 чалавек, якія невядома адкуль трапілі, для іх гэты прысуд быў нечаканым".


Еўрарадыё: Калі абскарджваць гэты прысуд, наколькі ёсць верагоднасць яго скасаваць?


Бастунец: "На жаль, я лічу, што гэтае пытанне хутчэй палітычнае і знаходзіцца па за межамі прававога поля. Практыка паказвае, што суды не змянялі такія падыходы па падобных справах, але гэта, я лічу, трэба рабіць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі