Барысаўдрэў: “Пра мадэрнізацыю ведае ў нас толькі генеральны”

“Вельмі вас прашу як прэзідэнт: не пішыце да 1 ліпеня 2014 года скаргі на будаўнікоў у розныя інстанцыі. Пацярпіце паўгода. Але з 1 ліпеня  пра праблемныя аб’екты наўпрост інфармуйце мяне асабіста праз Адміністрацыю прэзідэнта. Я абяцаю: ніводзін чалавек не пазбегне адказнасці!”

Чыноўнікам да 1 ліпеня кіраўнік дзяржавы раздаў шэраг заданняў. Да прыкладу, даўгабуды. Лукашэнка асабіста папярэджвае Мясніковіча і Кабякова пра даўгабуды, а насельніцтва просіць пацярпець з заканчэннем прац па іх.

Да 1 ліпеня засталося тры тыдні…

Спіс даўгабудаў вывешаны на сайце Мінгарвыканкама, да 1 ліпеня павінныя здаць 13 даўгабудаў. Старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Фёдар Рымашэўскі адмаўляецца ад любых каментароў на гэтую тэму, але раней ён казаў для прэсы, што ўсе тэрміны будуць выкананыя.

Даўгабуд на Ілімскай вуліцы (Заводскі раён): з раніцы тут шчыруюць будаўнікі. Звонку бачна, як унутры памяшкання будаўнікі праводзяць нейкія маніпуляцыі з вокнамі, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол дома, закочваюць  аб'ектыўна невялікую для 19-павярховага дома паркоўку. Начальства пры гальштуку ўлагоджвае нейкія працоўныя пытанні.

“Здамо жалезна! Бачыце, добраўпарадкоўваем тэрыторыю, нават пашпарт аб'екта ўжо прыбралі”, — абяцае адзін з будаўнікоў — працы засталося не так і шмат.

Яшчэ адзін даўгабуд на Бельскага-Адаеўскага-Панамарэнкі. Гэты дом таксама павінныя здаць да 1 ліпеня. Падрадчык “Гербелінгандальтранс” спяшаецца, але прагназуюць: з афармленнем усіх папер і ўзгадненнем іх у розных інстанцыях здача дома можа зацягнуцца:

“Будуем днём і нават ноччу, і ў выходныя! Хутчэй за ўсё дом паспеем дабудаваць, але патрэбен час на афармленне папер — гэта і будаўнічыя арганізацыі, і МНС, і экалагічныя нават арганізацыі”.

Другое пытанне — мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна “Беллесбумпрам”. Здачу аб’ектаў мадэрнізацыі час ад часу пераносяць, кошт мадэрнізацыі расце.

На “Мастоўдрэў” Еўрарадыё хваляцца супергатоўнасцю:

“У нас 99% гатоўнасці. Ніякіх нараканняў!”

А вось пра мадэрнізацыю на сумнавядомым “Барысаўдрэве” адмаўляюцца казаць.

“Мы нават не ведаем, хто вам пра мадэрнізацыю тут скажа. Генеральны дырэктар, але ці будзе гаварыць?” — здзіўляюць у прыёмнай “Барысаўдрэва” — акрамя дырэктара ніхто пра мадэрнізацыю не ведае? Прадпрыемства павінныя былі мадэрнізаваць яшчэ ў 2011-м, пасля пераносу тэрмінаў “цукерачку” з “Барысаўдрэва” мусілі зрабіць у лістападзе 2013 года, а цяпер гадзіна “Ч” мае завяршыцца да 1 ліпеня.

“У абавязковым парадку павінныя завяршыць ва ўстаноўленыя тэрміны прэзідэнтам ўсе аб’екты ў гэтым годзе і ў першым паўгоддзі наступнага. Гэта не падлягае абмеркаванню”, — кажа Мясніковіч прэзідэнту. Ці чакаць чарговага пераносу тэрміну — пытанне.

Трэцяе заданне  — стварэнне аптовых баз для індывідуальных прадпрымальнікаў. У кожнай вобласці. Аналаг “Чаркізаўскага рынка” планавалася стварыць пад Оршай ў сяле Балбасава. Але ў аддзеле эканомікі і аддзеле гандлю Аршанскага райвыканкама чулі толькі пра прапанову.

“Нам, мне канкрэтна, ніякіх заданняў пра стварэнне такой базы не давалі! У нас такой базы няма!” — нервуюцца ў Оршы.

У Мінгандлю кажуць, што абласныя базы створаныя даўно, але ці працуюць яны для прадпрымальнікаў — сказаць не могуць.

На мінскай аптовай базе «Абутакгандаль» Еўрарадыё завяраюць — усе ўмовы створаныя для індывідуальных прадпрымальнікаў. Закуплены абутак польскіх, украінскіх, беларускіх ды расійскіх вытворцаў, падрыхтаваныя дакументы. Але праблема: прадпрымальнікі на закупы сюды не едуць.

“Раней яны ездзілі ў Расію, у Турцыю на закупы, куплялі там па 15 долараў, прадавалі па 90. Абыходзячы пры гэтым падатковую, не сертыфікуючы тавар. У нас і сертыфікаты, і дакументы. І для іпэшнікаў застаецца 20% на накрутку, а не 300%, як цяпер. Таму асабліва да нас і не ідуць. Гэта нявыгадна ім”, — уздыхаюць тут.

1 ліпеня для прэзідэнта — не адзіная гадзіна “Ч”. 1 верасня павінныя разабрацца са Слуцкім льнозаводам, да канца году вырашыць пытанні па некалькіх даўгабудах, а да “зімы” павіннае быць адноўленае пагалоўе свіней.

Пачакаем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі