Банкі змогуць часцей прасіць грошы ў Нацбанка: дапамога слабым або аднаўленне?

Нацыянальны банк / Еўрарадыё
Нацыянальны банк / Еўрарадыё

Банкі змогуць прэтэндаваць на крэдытаванне ад Нацбанка кожны тыдзень замест аднаго разу на месяц. Гэта можа значыць, што жыццё банкаў стала крыху лягчэйшым і сітуацыя з ліквіднасцю паляпшаецца.

— У мэтах павышэння эфектыўнасці кіравання бягучай ліквіднасцю ў банкаўскай сістэме Нацыянальны банк пачынаючы з кастрычніка 2021 года прыступае да правядзення на рэгулярнай аснове штотыднёвых аўкцыённых аперацый па падтрымцы і адабранні ліквіднасці на тэрмін сем дзён у форме аўкцыёнаў працэнтных ставак, — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, як расцэньваць такі крок Нацбанка і чаму рэгулятар палічыў, што банкі не стануць скупляць рублі, каб купіць на іх валюту. Бо менавіта з гэтай прычыны восенню мінулага года Нацбанк і абмежаваў крэдытаванне камерцыйных банкаў.

 

Вяртанне да нармальнасці

Банки смогут чаще просить деньги у Нацбанка: помощь слабым или восстановление?
Курс рубля будзе падаць, калі банкі і людзі будуць актыўна купляць долары / Еўрарадыё

Аўкцыёны па выдачы ліквіднасці азначаюць, што Нацбанк прапануе банкаўскай сістэме нейкую фіксаваную суму. Тыя банкі, якія падалі заяўкі на ўдзел у аўкцыёне, прапануюць адсотак, пад які гатовыя ўзяць гэтыя грошы. Хто прапанаваў большы адсотак, той грошы і атрымлівае, расказвае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

У верасні мінулага года Нацбанк перастаў крэдытаваць камерцыйныя банкі па стаўцы рэфінансавання і адмовіўся ад рэгулярных аўкцыёнаў. Тое, што цяпер Нацбанк будзе праводзіць іх рэгулярна, — сігнал таго, што сітуацыя з ліквіднасцю банкаў становіцца лепшай, лічыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

— Штотыднёвыя аўкцыёны — гэта стандартны інструмент рэфінансавання. Нацбанк баяўся, што на фоне сістэмнай нястачы ліквіднасці, якая была са жніўня мінулага года аж да нядаўняга часу, банкі будуць паводзіць сябе спекуляцыйным чынам. Так што гэта вяртанне да нармальнасці, — кажа Дзмітрый Крук.

Эксперт адзначае, што ў апошнія паўтара-два месяцы ў банкаў няма падстаў спекуляцыйна сябе паводзіць. Напрыклад, прад'яўляць павышаны попыт на рублі, каб потым купіць долары.

Сітуацыя ў кастрычніку 2021 года ад таго, што было мінулай восенню, адрозніваецца тым, што беларускі рубель умацоўваецца.

Банки смогут чаще просить деньги у Нацбанка: помощь слабым или восстановление?
Курс рубля мацнейшы, чым у пачатку года або восенню мінулага года / Еўрарадыё

— Калі няма ўпэўненага росту валюты, то купляць яе проста так са спекуляцыйнай мэтай бессэнсоўна. Таму што няма ніякай гарантыі, што заробіш на росце валюты, а не страціш на яе зніжэнні. Мне здаецца, Нацбанк убачыў, што гэтыя рызыкі гульні супраць нацыянальнай валюты знізіліся, таму пашырыў лінейку аўкцыёнаў, — кажа Вадзім Іосуб.
 

Банкам дапамог знешнегандлёвы цуд

Дзмітрый Крук адзначае, што сітуацыя ў банкаўскай сістэме апошнія паўтара года экстраардынарная. Але ў апошнія месяцы з'явілася магчымасць трохі вярнуцца ў ранейшае рэчышча.

— Чаму гэта адбылося цяпер: калі паглядзець на лічбы, то са жніўня больш-менш стабілізуецца стан ліквіднасці банкаўскай сістэмы. Бачу дзве важныя прычыны. Першая — многія прадпрыемствы за кошт таго, што мы называем знешнегандлёвым цудам, стабілізавалі свой фінансавы стан. На банкаўскую сістэму гэта аказала двайны эфект.

Эканаміст адзначае, што праз удалы знешні гандаль прадпрыемствы змаглі існаваць без тэрміновага запыту на перакрэдытаванне.

Банки смогут чаще просить деньги у Нацбанка: помощь слабым или восстановление?
Апошні раз Беларусь так паспяхова прадавала свае тавары ў 2012 годзе / Еўрарадыё

— Гэта дазволіла банкам знізіць інтэнсіўнасць крэдытавання. Крэдытны партфель, калі глядзець і па рублях, і па валюце, нават крыху сціскаўся апошнія паўгода, гэта значыць банкі вельмі кансерватыўна сябе паводзілі. І фірмы маглі такія ўмовы прыняць, паколькі ў іх часцяком павялічвалася экспартная выручка. З гэтай пазіцыі банкам не даводзілася на шкоду сваёй ліквіднасці забяспечваць крэдытаванне.

Знешнегандлёвы цуд дапамог і тым, што ў прадпрыемстваў з'явілася больш грошай, якія яны захоўваюць у банках.

— На банкаўскую сістэму гэта плённа паўплывала яшчэ і з боку пасіваў. Выручка, якая асядае на рахунках фірмаў, для пасіўнага боку балансу банка — гэта падмацаванне, — працягвае Дзмітрый Крук.
 

Усе, хто хацеў забраць грошы з банка, ужо зрабілі гэта

Другая прычына, з якой стан ліквіднасці банкаўскай сістэмы стабілізаваўся, — гэта запаволенне адтоку дэпазітаў фізічных асоб.

— Сур'ёзны ўсплёск адтоку быў пасля еўрапейскіх сектаральных санкцый у ліпені, а ў жніўні па тэрміновых валютных дэпазітах адток яшчэ быў. Але калі глядзець у суме па ўсіх відах дэпазітаў, адток запаволіўся.

Банки смогут чаще просить деньги у Нацбанка: помощь слабым или восстановление?
Падвышанага попыту на валюту не прадбачыцца / Reuters

У сітуацыі, калі залішняга попыту на валюту няма, а напружанасць з ліквіднасцю спадае, Нацбанк карыстаецца сітуацыяй і вяртаецца да нармальнага механізма, лічыць эксперт.

— Напэўна, гэта расцэньваецца як перамога, але, калі ацэньваць сітуацыю апошняга года, я б сказаў, што ўлады стварылі сабе фундаментальныя цяжкасці. Людзі страцілі давер да банкаўскай сістэмы, і таму гэтыя цяжкасці на працягу года гераічна пераадольваліся.

Нібыта пакуль пераадолелі. Пашанцавала, што адбыўся знешнегандлёвы цуд. Гэта дазволіць рапартаваць пра тое, што цяжкасці былі гераічна пераадоленыя. Цалкам дапускаю, што гэтая сітуацыя, якая апошні год назіралася, яшчэ можа вярнуцца, — расказвае Дзмітрый Крук.
 

Эфект будзе зразумелы пасля аўкцыёнаў

Банки смогут чаще просить деньги у Нацбанка: помощь слабым или восстановление?
Першы са штотыднёвых аўкцыёнаў Нацбанк праводзіць 6 кастрычніка / Еўрарадыё

Як рашэнне Нацбанка адаб'ецца на банкаўскай сістэме, інфляцыі або курсе, пакуль невядома, адзначае Вадзім Іосуб.

— Павінна быць разуменне, пра якія сумы будзе ісці гаворка. Трэба будзе дачакацца аўкцыёнаў і паглядзець, колькі Нацбанк прапануе банкаўскай сістэме.

Эксперт дапускае, што такі крок Нацбанка можа азначаць, што доступ да грошай для камерцыйных банкаў падвысіцца.

— Але без сум і ставак тут цяжка гаварыць канкрэтна. Калі сумы будуць невялікія, а стаўкі досыць высокія, то можна будзе гаварыць нават не пра дапамогу ўсёй банкаўскай сістэме, а пра дапамогу канкрэтным банкам, якія перажываюць сур'ёзныя праблемы з рублёвай ліквіднасцю і будуць гатовыя плаціць досыць высокую стаўку, каб кароткатэрміновыя, але сур'ёзныя праблемы вырашаць, — робіць выснову Вадзім Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі