Баі ў Марыупалі і дзяўчынка Джавеліна — 41-я раніца вайны

Украінскія вайскоўцы і ратавальнікі паказалі, што знайшлі ў Гастомеле пасля сыходу расійскіх войскаў / ДСНС Украіны
Украінскія вайскоўцы і ратавальнікі паказалі, што знайшлі ў Гастомеле пасля сыходу расійскіх войскаў / ДСНС Украіны

Паветраная трывога гучала мінулай ноччу амаль ва ўсіх абласцях Украіны, паведамляе ўкраінскі рэсурс "Громадське". Выбухі чулі ў Херсоне.

Ва ўкраінскім Генштабе мяркуюць, што праціўнік перагрупоўвае войскі і рыхтуецца да аперацыі на ўсходзе краіны: "мэта — устанаўленне поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласцей". Расійскія войскі выводзяць з Беларусі, таксама кажуць у Генштабе Украіны. У Гомелі, Мазыры і Ельску ідзе пагрузка тэхнікі на чыгуначныя эшалоны. У Расію выведзена і значная частка авіяцыі.

Пры гэтым расіяне працягваюць блакаваць Харкаў — украінскія вайскоўцы паведамляюць аб пастаянных артылерыйскіх абстрэлах, якія руйнуюць жылыя кварталы і інфраструктуру.

У Данецкай вобласці расійскія войскі аднавілі наступ у кірунку Славянска, прасунуліся на 7 кіламетраў. Працягваюцца спробы ўзяць пад кантроль гарада Папасная і Рубежнае ў Луганскай вобласці. Кіраўнік вобласці Сяргей Гайдай раніцай напісаў, што з-за баёў і абстрэлаў да некаторых раёнаў Папаснай і Рубежнага не могуць даехаць ратавальнікі і ўрачы. У Рубежным, па словах Гайдая, загінулых хаваюць у дварах.

Працягваецца супрацьстаянне ў Марыупалі. Украінскія вайскоўцы паведамляюць, што праціўнік нанёс "масавыя артылерыйскія ўдары па горадзе". Напярэдадні позна ўвечары кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў паведаміў, што ў Марыупалі здаліся ў палон "267 марпехаў з 503-га батальёна". Ён таксама апублікаваў відэа. Афіцыйнага пацверджання з украінскіх крыніц гэтай інфармацыі пакуль няма. Але раней украінскі рэсурс "Следства.інфо" адзначаў, што кадыраўцы, якія раней заяўлялі аб поўным кантролі Марыупаля, некалькі тыдняў запар публікавалі відэа на лакацыях, размешчаных бліжэй да расійскіх межаў.

Украінскія вайскоўцы, тым часам, апублікавалі відэа з Гастомеля пасля сыходу адтуль расійскіх войскаў.

Мэр Кіева Віталь Клічко звярнуўся да людзей з просьбай — не спяшацца вяртацца ў сталіцу і вызваленыя прыгарады Кіева. Ён прапанаваў пачакаць яшчэ хоць бы тыдзень. У мястэчках, дзе ішлі баі, застаюцца выбухованебяспечныя прадметы. Акрамя таго, не выключаны і ракетныя абстрэлы. "Таму прашу людзей крыху пачакаць і не вяртацца", заявіў Клічко.

Між тым, піша "Громадське", 79% апытаных украінцаў, якія з-за вайны былі вымушаныя выехаць за мяжу, плануюць вярнуцца на радзіму. Пры гэтым 89% апытаных перакананыя, што ў гэтай вайне пераможа Украіна.

Бои в Мариуполе и девочка Джавелина — 41-е утро войны
З-за вайны з Украіны выехалі, па дадзеных УВКБ ААН, больш за 4 мільёны чалавек / Reuters

На перамовах паміж Масквой і Кіевам можа з'явіцца новы пасярэднік. Гэтую місію на сябе гатовыя ўзяць арабскія краіны, заявіў міністр замежных спраў Егіпта Самех Шукры падчас прэс-канферэнцыі ў Маскве. Аб гэтым піша Reuters.

Тым часам, Расію могуць выключыць з Рады ААН па правах чалавека. Пытанне мае намер ініцыяваць прадстаўніца ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд. Яна разлічвае, што Генеральная Асамблея ААН разгледзіць гэтае пытанне ўжо ў чацвер, 7 красавіка. А сёння перад удзельнікамі Савета Бяспекі ААН упершыню з пачатку вайны выступіць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

У Кіеў на гэтым тыдні прыедуць прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозеп Барэль. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Славеніі Янэз Янша. "Громадське" мяркуе, што гэта можа здарыцца 8 красавіка. На наступны дзень Урсула фон дэр Ляен будзе ў Варшаве, дзе разам з прэм'ерам-міністрам Канады Джасцінам Трудо і прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам возьме ўдзел у акцыі "Stand Up For Ukraine".

Між тым офіс генеральнага пракурора Украіны абнавіў звесткі аб загінулых і пацярпелы дзецях. З пачатку вайны ў краіне загінулі 165 дзяцей, 266 атрымалі раненні. Пры гэтым у офісе кожны раз падкрэсліваюць, гэтыя звесткі недакладныя, таму што няма магчымасці ацаніць абстаноўку ў месцах, дзе працягваюцца баявыя дзеянні.

І навіна ад украінскага Мінюста. У Вінніцкай вобласці цяпер расце хлопчык Ян Джэвелін, а ў Кіеве — дзяўчынка Джавеліна. Іх імёны апынуліся сугучныя назве пераноснага супрацьтанкавага ракетнага комплексу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі