Вы тут

Бабарыка — Лукашэнку: беларусы не дапусцяць ніякага кровапраліцця

Чарга жадаючых паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата ў Мінску / Reuters

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віктар Бабарыка 5 чэрвеня ў чарговым стрыме на YouTube адрэагаваў на ўчорашнюю нечаканую заяву Аляксандра Лукашэнкі. Падчас прызначэння новага прэм'ер-міністра ён вырашыў нагадаць, што беларусы не перажылі таго, што было ў іншых постсавецкіх рэспубліках. "Ніхто не ведае, як мой сябар [прэзідэнт] Рахмон з кулямётам наперавес уваходзіў у сталіцу Таджыкістана для таго, каб навесці парадак. Колькі там загінула людзей!...". А яшчэ, па словах Лукашэнкі, людзі забыліся, "як былы прэзідэнт [Узбекістана] Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек". "Ну так мы нагадаем!", пагрозліва сказаў беларускі кіраўнік.

"Хтосьці нас палохае агрэсіяй, кровапраліццём і ахвярамі, — гаварыў Бабарыка. — Я магу дакладна сказаць, што беларусы — мірныя людзі. Яны не дапусцяць ніякага кровапраліцця, ад каго б гэтая пагроза не ішла".

Паводле слоў палітыка, "беларусы маюць сілы, каб паставіць на месца любога чалавека або любую групу людзей, якая абвесціць сябе ў праве страляць, расстрэльваць і пагражаць кровапраліццём уласнаму народу". Віктар Бабарыка падкрэсліў, што "ніхто не мае права прысвойваць нашу краіну". Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "гэтую краіну нікому не аддасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.