Ажароўскі: Хутка скончацца грошы, каб увесь час замяняць корпус рэактара

Ажароўскі: Хутка скончацца грошы, каб увесь час замяняць корпус рэактара

Чарговы інцыдэнт з рэактарам для беларускай АЭС. “Нязначны дотык” пры транспарціроўцы адбыўся, калі яго везлі чыгункай на будаўнічую пляцоўку. Чаму так адбылося, разважаем з Андрэям Ажароўскім, эколагам, фізікам-ядзершчыкам.

Еўрарадыё: Што азначае гэты “нязначны дотык”?

Андрэй Ажароўскі: Мінулы корпус быў пашкоджаны настолькі, што яго прыйшлося замяняць. Цяпер незразумела, куды урэзаўся гэты, на якой хуткасці... Перад транспарціроўкай грузу пускаюць макет па памерах грузу. І калі не так разлічылі, то ён закране апоры. Няўжо так спяшаліся, што забыліся гэта зрабіць? Што цяпер з корпусам, сказаць нельга.

Гісторыя з будаўніцтвам Беларускай АЭС ужо можа стаць сюжэтам для мультфільма "Сіпсаны". Столькі было недарэчнасцяў, памылак. Нідзе так не было. Сказаць, што цяпер з корпусам, нельга. Мы так і не бачылі ніякіх фота і відэадоказаў па мінулым корпусе. Зноў спачатку напісалі журналісты, а пасля ўжо пачала казаць дырэкцыя. Зноў спадзяваліся ўсё прыхаваць. Будзе зноў гандаль з Расіяй. Няхай нам раскажуць, хто нясе за гэта адказнасць, няхай пакажуць доказы. Можа, сапраўды там усё нязначна, але як гэта праверыць нам?

Еўрарадыё: А што цяпер мусіць рабіць беларускі бок?

Андрэй Ажароўскі: У Беларусі няма метадаў, каб праверыць рэактар. Беларусь не можа вырабіць рэактар, не можа кантраляваць якасць металу. Можа толькі верыць Расатаму. Датыкнуўся да слупа ― гэта адно, а калі ён знёс слуп ― гэта іншае. Галоўнае, зразумець, што АЭС будуюць людзі нядбайныя.  Значыць, такія нядбайнасці могуць быць і далей. І будаўніцтва трэба перапыняць цяпер.

Еўрарадыё: Ці рэальна, што корпус рэактара зноў заменяць?

Андрэй Ажароўскі: Калі-небудзь грошы скончацца. Немагчыма рабіць адзін корпус і раняць яго, рабіць іншы і пасля біць ім аб слупы. Рабіць трэці і зноў рабіць нешта такое. Усё выглядае, як фарс, але яны з такой жа якасцю будуць мантаваць рэактар, трубаправод, рабіць іншыя важныя для радыяцыйнай бяспекі рэчы. Дрэнна, што гэтае будаўніцтва працягваецца. Няма попыту на электрычнасць. Ужо бачна, што Літва не будзе набываць электраэнергію, а для будаўніцтва лініі патрэбныя вялікія грошы. А Расія не будзе спансіраваць будаўніцтва такой лініі, напрыклад, ва Украіну. Я ўжо не ведаю, якое будзе трэцяе папярэджанне, каб спынілі гэтую будоўлю.

Еўрарадыё: Мінулы корпус таксама везлі, але яго ж не ударылі?

Андрэй Ажароўскі: Па Расіі быў іншы маршрут. Як па Беларусі ― невядома. Але гэта загадка, можа быць, новы слуп вырас ці што.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі