Астраўком чаго Лукашэнка называў Беларусь

Островком чего Лукашенко называл Беларусь

У сёлетнім навагоднім звароце Аляксандр Лукашэнка назваў Беларусь "астраўком стабільнасці і спакою". Словазлучэнне падалося знаёмым, і Еўрарадыё вырашыла пашукаць яго ў іншых прамовах кіраўніка краіны.

Выявілася, што Беларусь ужо 11 гадоў як астравок. Уся наша знешняя і ўнутраная палітыка — у гэтым слове. І ў словах, якія побач з ім.

31 снежня 2005 года. Яшчэ не астравок

Упершыню Лукашэнка згадаў "астравок стабільнасці" аж 11 гадоў таму, і таксама ў навагоднім звароце. Віншуючы беларусаў з надыходзячым 2006 годам, кіраўнік дзяржавы заявіў: "Наступны год будзе годам карэннага павароту да чалавека. Для шчаслівага жыцця недастаткова ператварыць Беларусь у "астравок стабільнасці". Трэба, каб "клімат" на гэтым "астраўку" не атручвалі бюракратызм і абыякавасць".

Як бачна, у 2005-м Беларусь яшчэ толькі мелася ператварыцца ў "астравок стабільнасці". Да 2016-га, калі верыць словам Лукашэнкі, ператварэнне здзейснілася. Прычым наш астравок можа пахваліцца не толькі стабільнасцю, але і шэрагам іншых важных геапалітычных і агульначалавечых якасцяў.

2006, 2009. Стабільнасць насуперак

Праз паўгода "астравок стабільнасці" яшчэ раз усплыў у прамове Аляксандра Лукашэнкі. Звяртаючыся да ваенных на цырымоніі прынясення прысягі, ён заявіў, што суседзі Беларусі "пад відам нібыта дэмакратычных каштоўнасцяў спрабуюць экспартаваць у нашу краіну замежныя тэхналогіі разбурэння, татальнага хаосу, збяднення і духоўнай дэградацыі". "Дзіўна, што ёсць жадаючыя зняважыць Беларусь — гэты астравок стабільнасці — і ператварыць яе ў чарговы палігон "каляровых" зрухаў", — дадаў Лукашэнка.

У 2009 годзе, калі свет адыходзіў ад фінансавага крызісу, Лукашэнка назваў Беларусь астраўком стабільнасці, размаўляючы з французскімі бізнесменамі. Праз сем гадоў, звяртаючыся да расійскіх журналістаў, ён па-ранейшаму запрашае замежных прадпрымальнікаў працаваць у Беларусі. Але па правілах. "Захаваць гэты астравок ціхім і спакойным гэта нямала каштуе. І павінен быць парадак і дысцыпліна", — сказаў беларускі лідар.

Островком чего Лукашенко называл Беларусь
Суворы Лукашэнка. Фота: TUT.by

2011 год. Астравок незалежнасці

Але не стабільнасцю адзінай. "Склалася ўнікальная сітуацыя. Гэта сапраўды так. Беларусь сёння — нейкі астравок незалежнасці, і мы спрабуем прытрымлівацца палітыкі незалежнасці, суверэнітэту, роўнанабліжанасці да ўсіх цэнтраў сілы, але мы хочам захавацца як краіна, — казаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША. — Гэта, можа быць, упершыню ў гісторыі ёсць такі ўнікальны шанец. У нас няма такіх глабальных інтарэсаў, як у Амерыкі, Расіі, Кітая, Індыі і розных аб'яднанняў. Мы проста хочам забяспечыць нармальнае жыццё ўласнага народа. Мы хочам, у рэшце рэшт, адбыцца як суверэнная незалежная дзяржава".

2012 год. Астравок сумленнасці і справядлівасці

"Наша краіна — астравок сумленнасці і справядлівасці. Так не толькі я, не толькі вы яе ацэньваеце, але і далёка за межамі нашай краіны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня ў Мінску на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці. — І мы ні ў якім выпадку, я перш за ўсё, не павінны сапсаваць гэты імідж сумленнай і прыстойнай краіны".

2015 год. Астравок міру, спакою і парадку

"Сітуацыя ў свеце ў апошні час мяняецца значна больш імкліва, чым мы маглі сабе ўявіць. Ну хто мог уявіць, што ў суседняй з намі Украіне будуць падаць бомбы і рвацца снарады? Што ў Еўропе зноў запахне вялікай вайной, і градус напружання паміж вялікімі дзяржавамі вырасце да ўзроўню халоднай вайны? І гэтага ўжо ніхто не хавае, у тым ліку і ў гэтых вялікіх дзяржавах. Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу .

2016 год. Астравок бяспекі і міралюбнасці

"За гады незалежнасці Беларусь дабілася добрых вынікаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, сацыяльнай і навуковай сферах, знешняй палітыцы і абаронным комплексе. Яна стала астраўком бяспекі і міралюбнасці, дзе ў грамадзянаў ёсць упэўненасць у сваёй будучыні і ўсе магчымасці атрымаць добрую адукацыю, спакойна працаваць і гадаваць дзяцей",гаворыцца ў віншаванні з нагоды Дня Незалежнасці.

 

Островком чего Лукашенко называл Беларусь
Самы небяспечны астравок бяспекі ў Мінску. Фота: Onliner.by

Неспадзявана — астравок вальнадумства і незалежнасці

Добра — незалежнасць, гэта мы ўжо бачылі. Але вальнадумства? Не, гэта, вядома ж, не пра Беларусь. Дакладней, не пра ўсю Беларусі, а толькі пра фестываль "Славянскі базар у Віцебску", які Лукашэнка яшчэ ў 2012 годзе супрацьпастаўляў Алімпійскім гульням. "Алімпіяда вельмі адстае ад нашага "Славянскага базару". Яна палітызаваная, там вельмі шмат праблем. А "Славянскі базар" — гэта астравок вальнадумства, незалежнасці, і ў нашага "Славянскага базару" шмат чаму можна павучыцца", — адзначыў тады кіраўнік краіны.

Чаму гэта наогул Беларусь — астравок?

Па слоўніку астравок — невялікая асобная, не звязаная з іншымі вобласць чаго-небудзь. На першы погляд, даволі дзіўная ізаляцыянісцкая метафара для дзяржавы, якая пазіцыянуе сябе транзітнай. Але з іншага боку: ці можна, напрыклад, быць пасярэднікам у міжнародных перамовах, калі ты ангажаваны аднам з бакоў? Слова "астравок" у прамове Лукашэнкі — гэта як дэкларацыя незалежнасці маленькай, але ганарлівай Беларусі. Не дзіўна, што яно гучыць менавіта цяпер, калі (таксама словы з сёлетняга навагодняга звароту) "порах трэба трымаць сухім".

Быць разам з усімі — але ўсё ж падкрэслена асобна — ці не ў гэтым "бясцэнны досвед пераадолення цяжкасцяў і вырашэння праблем", атрыманы з "усяго шляху суверэннай беларускай дзяржавы"? Так-так, зноў навагодні зварот. Як усё-такі шмат сказана за гэтыя няпоўныя сем хвілінаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі