Арышт маёмасці Беларусі і рэпарацыі? Хто заплаціць за аднаўленне Украіны

Арышт маёмасці Беларусі і рэпарацыі? Хто заплаціць за аднаўленне Украіны

Ёсць імавернасць, што арыштоўваць беларускую маёмасць, каб пакрыць эканамічныя страты Украіны ў вайне, не спатрэбіцца.

Як такое магчыма і ці хутка здымуць санкцыі з Беларусі, у стрыме Еўрарадыё расказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.
 

Расійскіх грошай хопіць

Магчыма, беларусы будуць дапамагаць у аднаўленні Украіны, але не факт, што давядзецца плаціць менавіта рэпарацыі ўкраінскаму народу, калі вайна скончыцца.

Захад ужо замарозіў так шмат расійскіх золатавалютных рэзерваў — больш за 300 мільярдаў долараў — што іх абсалютна хопіць на пакрыццё ўсіх эканамічных страт ва Украіне. Калі Захад вырашыць выкарыстаць гэтыя грошы на аднаўленне ўкраінскай эканомікі, іх хопіць і не трэба будзе замарочвацца і арыштоўваць беларускую маёмасць [за мяжой. — Еўрарадыё], — кажа Алесь Аляхновіч. — Ніхто ж не бамбіць Расію, у яе эканоміка не знішчана. У яе было шмат валютных рэзерваў. Вось яны замарожаныя, іх можна выкарыстаць на рэпарацыі.
 

Санкцыі здымуць на наступны дзень пасля выбараў

Пакуль рэжым Лукашэнкі працягвае падтрымліваць вайну ва Украіне, санкцыі супраць Беларусі будуць толькі нарастаць. Але адклікаць іх можна вельмі хутка.

На наступны дзень пасля таго, як у Беларусі адбудуцца новыя свабодныя прэзідэнцкія выбары, калі яны будуць прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі, санкцыі будуць адмененыя. Таму што гэтыя санкцыі ўводзяцца не дзеля таго, каб нашкодзіць беларускаму грамадству, — кажа Алесь Аляхновіч.

Дэмакратычная Беларусь нават атрымае значную міжнародную падтрымку, упэўнены прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай.

Гэта ў тым ліку тры мільярды еўра, якія Еўракамісія паабяцала для новай дэмакратычнай Беларусі. Таксама будзе і стабілізацыйная праграма Міжнароднага валютнага фонду, і падтрымка Сусветнага банка для развіцця малых і сярэдніх прадпрымальнікаў у Беларусі.

Будзе таксама падтрымка з боку іншых дзяржаў, такіх як ЗША, Канада, Нарвегія, Швейцарыя і гэтак далей. Пакет эканамічнай дапамогі будзе хуткім і істотным для беларускай эканомікі, каб хутка аднавіць рост, — рэзюмуе Алесь Аляхновіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі