Апраўдалі двух навукоўцаў, незаконна асуджаных за удзел у Плошчы

Мінскі гарадскі суд 30 снежня адмяніў два выракі суда Ленінскага раёна, у адпаведнасці з якімі супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук, біёлагі Жанна Бусева і Міхаіл Плюта былі прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў акцыі 19 снежня.

У тую ноч муж і жонка ехалі на аўтавакзал “Маскоўскі” сустракаць непаўналетнюю дачку, якая вярталася з замежнай вандроўкі, але затрымлівалася. Каля паўночы на вуліцы Няміга яны чакалі на прыпынку аўтобуса №91, бо перасадачныя станцыі былі зачыненыя і немагчыма было перайсці з другой лініі на першую, каб даехаць да станцыі “Маскоўская”.

На прыпынку сужэнцаў схапіў спецназ і потым іх асудзілі за ўдзел у акцыі на падставе сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі, якія нібыта бачылі навукоўцаў на плошчы Незалежнасці. Жанну Бусеву аштрафавалі на мільён рублёў, а Міхаіла Плюту арыштавалі на 15 сутак.

Каб давесці сваю невінаватасць, Бусева і яе адвакат павінны былі падаць у суд копію білета дачкі, пацверджанне перавозчыка аб спазненні аўтобуса, а таксама відэадакументацыю метрапалітэна, што а 23.30 сужэнцы ўвайшлі на станцыю метро “Пушкінская” і а 23.45 выйшлі на станцыі метро “Няміга”. Міхаіла Плюту вызвалілі 30 снежня. Яго жонка часткова задаволеная рашэннем суда і мае намер усталяваць справядлівасць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі